Насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыіі Германавіцкага і Лужкаўскага сельскіх Саветаў, неаднаразова звяртаецца ў рэдакцыю раённай газеты з просьбай растлумачыць, чаму зімой 2016—2017 гадоў існуюць пэўныя цяжкасці з набыццём паліва, а менавіта дроў, праз райпаліўзбыт. Каб разабрацца ў склаўшайся сітуацыі, мы звярнуліся да дырэктара вышэйназванага прадпрыемства Міхаіла Уладзіміравіча Фамянка. Вось, што ён паведаміў.
— Сапраўды, апошнім часам жыхары вёсак Германавіцкага і Лужкаўскага сельсаветаў скардзяцца, што лясніцтвы не маюць магчымасці забяспечыць насельніцтва дровамі праз райпаліўзбыт. Справа ў тым, што кожны год наша прадпрыемства заключае адпаведныя дамоўленасці з Дзісненскім і Пастаўскім лясгасамі для пастаўкі гэтага віду паліва ўсім, хто мае ў гэтым адпаведную патрэбу. І, калі з Пастаўскім лясгасам на сённяшні дзень праблем не існуе ў плане завозу дроў насельніцтву, то пэўныя цяжкасці, на жаль, маюць месца з выкананнем дамоўленасці з боку Дзісненскага лясгасу. Каб не быць галаслоўным, прывядзём некаторыя лічбы. Так, у мінулым 2016 годзе дадзены лясгас недапаставіў насельніцтву 1.400 кубічных метраў дроў у параўнанні з 2015 годам, а гэта ў разліку на адно домаўладанне атрымліваецца, што недаатрымалі іх 286 чалавек. Лічба, згадзіцеся, немалая. Улічваючы такую крытычную сітуацыю, наша прадпрыемства перакрыла гэта пастаўкай торфабрыкету ў колькасці 640 тон. На гэты від паліва ў нас чаргі не існуе.
Па Германавіцкаму сельсавету на працягу года нам трэба забяспечыць дровамі 171 домаўладанне, з іх 40 адносяцца да ільготнай катэгорыі. Па Лужкаўскаму сельсавету гэта лічба складае 160 і 50 адпаведна. Для забеспячэння іх дадзеным відам паліва спатрэбіцца 1.500 кубаметраў дроў. На 2017 год з Дзісненскім лясгасам заключана дамоўленасць на пастаўку 3.100 кубаметраў дроў. У студзені выкананне плана павінна было скласці 240 кубаметраў, але, на жаль, яно далёка да завяршэння. Гэта, у сваю чаргу, і выклікае незадавальненне ў насельніцтва.
У Дзісненскім лясгасе спасылаюцца на тое, што значная частка спецтэхнікі лясніцтваў з лета мінулага года і да цяперашняга часу занята на расчыстцы былых лясных масіваў, якія знішчаныя ўраганным ветрам у Мінскай вобласці. Ляснічыя Германавіцкага і Лужкаўскага лясніцтваў тлумачаць, што з-за слабага прамярзання глебы ў лясах тэхніка не ў стане ажыццявіць на дадзены момант транспарціроўку дроў, бо, у сваёй большасці, яны знаходзяцца ў забалочанай мясцовасці.
Каб нейкім чынам вырашыць дадзеную праблему, райпаліўзбыт заключыў дамоўленасць на пастаўку дроў з Браслаўскім Нацыянальным паркам. Ужо іх завезена звыш ста кубаметраў. Германавіцкае і Лужкаўскае лясніцтвы пакуль што могуць забяспечыць гэтым відам паліва толькі ільготную катэгорыю насельніцтва. Райпаліўзбыт у стане перакрыць недапастаўку дроў торфабрыкетам і завезці яго ў любы населены пункт раёна. Справа ўскладняецца толькі тым, што насельніцтву трэба будзе дадаткова аплаціць транспарціроўку.
Ад сябе асабіста дабаўлю — праблем невырашальных няма. І што тычыцца паліва, то з яго набыццём нельга адкладваць да той пары, калі ўзнікаюць вялікія чэргі, а таксама пэўныя цяжкасці на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія займаюцца яго нарыхтоўкай і рэалізацыяй. Да таго ж кошт на торфабрыкет і дровы паступова расце і варта загаддзя паклапаціцца пра іх набыццё, каб у перыяд ацяпляльнага сезону не мець праблем з наяўнасцю паліва.
Па ўсіх узнікаючых пытаннях забеспячэння насельніцтва дровамі і торфабрыкетам можна звяртацца ў райпаліўзбыт па тэлефонах: 4-12-63 (дырэктар), 4-11-47 (бухгалтэрыя), 4-12-63 (загадчык складам), 4-12-77 (прадавец).
Сяргей РАЙЧОНАК.

