Казімір Іосіфавіч Хаданёнак у вёсцы Сталіца ААТ “Княж” жыве адзін. Яму ўжо 82 гады. Так жыццё распарадзілася, што жонка Ядзвіга Леанардаўна адыйшла ў свет іншы, дзеці адляцелі з бацькоўскага дома і стварылі ўласныя сем’і. Старэйшая дачка Лілія Казіміраўна працавала ў жывёлагадоўлі ААТ “Агратэхсэрвіс” на розных кіруючых пасадах, а апошнія некалькі гадоў да пенсійнага узросту была галоўным заатэхнікам сельгаспрадпрыемства. Сын Раман — энергетык у адной з арганізацый райцэнтра. Малодшая Галіна жыве з сям’ёй непадалёку ад бацькі і працуюць разам з мужам Генадзіем Часлававічам даглядчыцай жывёлы на ферме Сталіца. Яны — перадавікі вытворчасці. Дастаткова сказаць, што за 10 месяцаў года Галіна атрымала сярэднясутачную прывагу цялятак на дарошчванні 516, а Генадзь — 439. Гэта лепшыя паказчыкі не толькі па ферме, а і па гаспадарцы. Спраўляецца Галіна Казіміраўна са сваімі абавязкамі па рабоце і дома, яшчэ і бацьку дапамагае.
…Казіміру Іосіфавічу ў жыцці давялося паспытаць многае. Сам выйшаў з вялікай сям’і (12 дзяцей гадавалася ў ёй). Працаваў цяжка і многа, каб дапамагаць бацькам, як кажуць, пракарміцца.
У пасляваенныя гады закончыў курсы механізатараў у Германавіцкай МТС. Адпрацаваў год трактарыстам у калгасе. Аднак заробкаў, якія ў той час атрымлівалі, не хапала нават на пражыццё. Тады разам з сябрамі Казімір паехаў у Эстонію. Працаваў у шахтах, бывала і па дзве змены падрад. Хоць нялёгка давалася ўсё гэта, але ж быў малады, а маладосць магла горы варочаць. За работу меў добрыя грошы і дапамагаў сям’і ў вёсцы. Калі аднойчы прыехаў дадому, то сустрэўся са сваёй суджанай. Забраў і Ядзвігу на чужыну. І як там ні было добра, але карані цягнулі на радзіму. 7 гадоў вытрымаў удалечыні ад бацькоўскага парога. Вярнуўся ў сваю вёску з поўнай сям’ёй — жонкай і двума дзецьмі. А малодшая Галіна нарадзілася ўжо ў Сталіцы.
Казімір Іосіфавіч адразу пачаў працаваць трактарыстам у калгасе. Затым — загадчыкам на механічным двары. А апошнія 12 гадоў, пакуль не надыйшоў пенсійны ўзрост, быў слесарам на жывёлагадоўчай ферме ўсё той жа Сталіцы.
— Як бы дзе добра ні было, — дзеліцца ўспамінамі ветэран працы, — але родная зямля, тыя мясціны, дзе нарадзіўся, дзе праходзілі маладыя гады, ні на што прамяняць нельга. Цяпер і жыць стала лягчэй, дзяржава забяспечвае пенсіяй, толькі ў маладосці было столькі энергіі, сілы, энтузіязму, што, здавалася, каб былі крылы, то паляцеў бы невядома куды. Толькі тыя гады вельмі хутка заканчваюцца.
Кацярына СОСНА
