Эрык Лейтан нарадзіўся і жыў у Валожынках. У 1998 годзе юнак скончыў Шаркаўшчынскую СШ № 1. Пасля чаго пачалося яго падарожжа па самастойным жыцці. Зараз Эрык Лейтан працуе ў “Віцебскгаз”, жыве ў сталіцы Прыдзвіння. А дагэтуль малады чалавек паспеў стаць неаднаразовым чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. А зараз пра ўсё больш падрабязна.
Яшчэ ў школьныя гады Эрык Лейтан захапіўся спортам. Лепшыя вынікі ён паказваў у бегу і скачках у вышыню. Трэніраваўся. У хуткім часе стаў пераможцай раённых спаборніцтваў. Першая паездка на абласныя старты — заняў 4-е месца на дыстанцыі 400 м.
Таленавітага шаркаўчаніна заўважылі прафесійныя трэнеры. І з 1 верасня 1998 года Эрык распачаў трэніроўкі ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Віцебску. Першым трэнерам стаў Мікалай Аляксеевіч Бабаеў — таленавіты педагог, добры спартсмен, выдатны чалавек.
Праз некалькі месяцаў Эрык выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту на дыстанцыі 600 м. У 1999 было першае рэспубліканскае спаборніцтва. Эрык заняў 2-е месца на 800-метроўцы. Хутка запрасілі на адкрыты чэмпіянат Малдовы па кросу. У Кішынёве шаркаўчанін падзяліў 2 і 3-е месца.
З 2000 года Эрык Лейтан уваходзіў у склад нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы. У тым жа годзе на першынстве краіны сярод юніёраў перамог і выканаў нарматыў майстра спорту. Праз год шаркаўчанін становіцца чэмпіёнам Беларусі сярод дарослых. У 2002 годзе — чэмпіёнам краіны ў памяшканні, затым — пераможцам кубка рэспублікі.
З 2001 года Эрык займаецца на факультэце фізвыхавання ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. У сувязі з вучобай і траўмамі нашаму земляку давялося пакінуць спорт, хоць спецыялісты бачылі ў Эрыку перспектыўнага спартсмена еўрапейскага ўзроўню.
У 2006 годзе выпускнік універсітэта прыязджае па размеркаванні ў Плісскую школу (Глыбоцкі раён), дзе пачынае працаваць настаўнікам фізкультуры. У 2007 годзе Эрык перамагае ў раённым конкурсе “Настаўнік года” у намінацыі “Спартсмен года”.
З 2008 года працуе ў “Віцебскгазе”. Эрык выступае за зборную прадпрыемства па лёгкай атлетыцы. Ён двойчы станавіўся чэмпіёнам краіны сярод работнікаў нафтавай і газавай прамысловасці. У жніўні на міжгаліновай спартакіядзе Эрык заняў 1-е месца ў лёгкаатлетычным шматбор’і. Таксама стаў першым у эстафеце.
Зараз наш зямляк з настальгіяй успамінае спартыўную маладосць. Давялося шмат паездзіць па свеце — пабываў у Малдове, Польшчы, Украіне, Паўночным Каўказе і многіх гарадах Расіі. І зараз Эрык нярэдка сустракае знаёмых спартсменаў. Па словах мужчыны, тагачасныя трэніроўкі многаму навучылі, фізічна загартавалі. Дарэчы, фізічная форма ў Эрыка і зараз належная: можа без трэніроўкі прабегчы любую дыстанцыю з добрым вынікам.
Аляксандр БАРЫЛА
