14 лютага ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, адзначаецца Міжнародны дзень дарэння кніг – знамянальная дата для ўсіх кнігалюбаў.
Названае свята стала міжнародным не толькі па прычыне сваёй глабальнай сутнасці, але і таму, што каранямі сваімі яно выйшла з народу – ініцыятыва яго з’яўлення належыць амерыканцы Эмі Бродмур – заснавальніцы сайта дзіцячай кнігі ў ЗША,-паведаміла загадчыца Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі Тамара Паляк.- А яшчэ Эмі Бродмур – маці траіх дзяцей. Менавіта пытанне аднаго з сыноў, які аднойчы спытаў, чаму няма на свеце такога дня, калі б людзі дарылі адзін аднаму кнігі проста так, і стаў штуршком да з’яўленя на свет новага цікавага свята.
Пытанне маленькага хлопчыка, ініцыятыву і актыўную пазіцыю яго маці падхапілі мільёны людзей ва ўсім свеце, і гэта садзейнічала станаўленню гэтага свята ў якасці Міжнароднага дня. З той пары 14 лютага прынята дарыць кнігі, асабліва дзецям, а таксама тым, чые магчымасці і доступ да кніг па тых або іншых прычынах абмежаваны.
З мэтай павелічэння колькасці кнігалюбаў 14 лютага Шаркаўшчынская дзіцячая бібліятэка аб’явіла акцыю “Падары бібліятэцы кнігу”. Магчыма, вашы дзеці ўжо выраслі, і дзіцячыя кнігі вам больш не патрэбны. Прынасіце іх у бібліятэку – чытачы заўсёды знойдуцца. Так зрабіла і Ала Міхайлава, шаркаўчанка, якую вы бачыце на здымку. Сын падрос і некаторыя дзіцячыя кнігі, якімі хлопчык больш не карыстаецца, сям’я вырашыла падарыць дзіцячай бібліятэцы. Спадзяёмся, гэту добрую ініцыятыву падтрымаюць і іншыя жыхары нашага раёна.
А наперадзе ў Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі шмат цікавых планаў і праектаў, якімі з чытачамі раённай газеты падзялілася бібліятэкар Людміла Казіцкая. Вось што яна паведаміла.
— У 2017 годзе ў Беларусі будзе шырока адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. А бягучы год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам навукі, яшчэ і праходзіць пад знакам Францыска Скарыны . У сувязі з гэтай адметнай датай у Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэцы з 24 лютага пачынаецца рэалізацыя духоўна –інтэлектуальнага праекта “Час, які ніколі не скончыцца” ( аўтарам і ініцыятарам правядзення якога з’яўляецца Людміла Казіцкая). Першая ступень праекта разлічана на работу з дзецьмі 4-6 класаў. Інтэрактыўная гульня “ Ф. Скарына.э Хто ты?” дазволіць дзецям бліжэй пазнаёміца з асобай славутага дзеяча беларускай культуры 16 стагоддзя, заснавальніка беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Другая ступень – мультымедыйная лекцыя-гутарка з вучнямі “Калі спытае цябе ў будучым сын твой або дачка” разлічана на работу з вучнямі 7-9 класаў. А старшакласнікі, у рамках рэалізацыі трэцяй ступені праекта, будуць запрошаны на літаратурна-духоўную сустрэчу са святарамі Шаркаўшчынскага раёна “Францыск Скарына. Божы голас праз стагоддзе”. Наперадзе шмат цікавых сустрэч!


