Адгарнуты старонкі новага календара. Пачаўся новы год і для хлебаробаў. Пакуль зямля адпачывае, кіраўніцтва і спецыялісты галін сельгасвытворчасці падводзяць вынікі зробленаму, складаюць планы на бягучы год. А для механізатараў пачаўся сезон водпускаў. Трэба адпачыць, набрацца сіл і энергіі, каб вясною зноў уключыцца ў работу.
Агранамічныя службы размяркоўваюць у сваіх планах, якія работы будзе выконваць той ці іншы механізатар. Скажам, у КУВСП імя Маркава унясеннем мінеральных тукаў у глебу, безумоўна, займецца Барыс Зонаў. Бо так як ён, ніхто іншы не зробіць — акуратна, без агрэхаў. За мінулы год механізатар на трактары МТЗ-82 у счэпе з ПТТ-4У унёс у глебу мінеральныя ўдабрэнні на плошчы 3141 гектар і заняў прызавое месца сярод механізатараў раёна. У тым, што вырас добры ўраджай зерневых культур у гаспадарцы, немалая заслуга і Б. М. Зонава.
Цяпер у Барыса Мікалаевіча трактар на прыколе, а сам у водпуску. Наперадзе — час рамонту і падрыхтоўкі тэхнікі да работ у полі.
Кацярына СОСНА
