Заканчваецца люты, і зіма імкліва здае свае пазіцыі. Паступова растае снег, і лёд на вадаёмах становіцца ўсё танчэй і танчэй. І калі на азёрах ледзяное покрыва ў бліжэйшы час застанецца яшчэ даволі трывалым, то выхад на рэкі ўжо цяпер становіцца небеспячным.
—У Шаркаўшчынскім раёне мала азёраў, — кажа старшыня раённага таварыства выратаванне на вадзе Уладзімір Валер’евіч Катовіч, — таму тыя, у каго няма магчымасці выязджаць на рыбалку ў суседнія раёны, выходзяць лавіць рыбу на рэкі. Як вядома, на рэках лёд заўсёды растае хутчэй, асабліва пры плюсавых тэмпературах і ападках у выглядзе мокрага снегу і дажджу, якія назіраюцца сёлета напрыканцы лютага. Таму звяртаюся да рыбакоў з просьбай устрымацца ад зімовай рыбалкі на рэках. Таксама жыхарам Шаркаўшчыны і раёна трэба адмовіцца ад звычкі пераходзіць рэкі па льду, якая ўзнікае зімою. Канечне, такім чынам можна з’эканоміць час, але не забывайце, што такая эканомія пагражае вашаму жыццю.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.
