У Шаркаўшчынскім РАУС прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 100-годдзю беларускай міліцыі

Актуальное

IMG_7927

У чацвер, 2 сакавіка, у актавай зале Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў прайшоў урачысты сход, прысвечаны 100-гадоваму юбілею з дня заснавання беларускай міліцыі. На свяце прысутнічалі кіраўніцтва і асабовы склад вартавых правапарадку, якія сёння служаць у радах унутраных органаў, а таксама ветэраны міліцыі.

Начальнік Шаркаўшчынскага РАУС падпалкоўнік Сяргей Мікалаевіч Арэшкаў у прывітальным слове сказаў, што сто год у маштабе гісторыі — гэта толькі імгненне, але многа падзей і выпрабаванняў выпала на долю тых людзей, хто выбраў для сябе службу ў міліцыі. Шаркаўшчынскі раённы аддзел унутраных спраў быў створаны ў 1940 годзе і праіснаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенны час яго дзейнасць была адноўлена. У 1986-1989 гадах дзевяць супрацоўнікаў міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

— Сённяшняя міліцыя — гэта сплаў вопыта і прафесіяналізма, — адзначыў у сваім выступленні Сяргей Мікалаевіч. — Мы робім усё магчымае для ўмацавання правапарадку. За апошнія дзесяць год удвая зменшылася колькасць правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі раёна і ў гэтым вялікая заслуга нашых супрацоўнікаў, якія кругласутачна стаяць на варце аховы парадку. Канечне, асноўную адзнаку дзейнасці ўнутраных органаў дае насельніцтва. На сённяшні дзень, па статыстычных дадзеных, 73 працэнты жыхароў Шаркаўшчынскага раёна давяраюць міліцыі. А гэта адзін з вышэйшых паказчыкаў у Віцебскай вобласці. Сёння людзі ўпэўнены: міліцыя заўсёды прыйдзе на дапамогу, калі ў гэтым будзе патрэба.

— Паважаныя прысутныя, прыміце самыя шчырыя і сардэчныя словы віншаванняў знагоды 100-годдзя заснавання беларускай міліцыі, — сказаў у сваёй прамове старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч. — На працягу ўсёй сваёй дзейнасці органы правапарадку забяспечваюць спакой грамадзян. З кожным годам узрастае ваша роля ў прадухіленні злачыннасці. Служба ў органах унутраных спраў патрабуе высокай самааддачы і прафесіяналізма. Сваёй працай вы ўсяляеце ўпэўненасць, надзею і аптымізм, аказваеце станоўчы ўплыў на развіццё грамадства і дзяржавы.

Затым Мікалай Ірынархавіч уручыў Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў намесніку начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэю Мікалаевічу Нікалаеву. Падзякай старшыні райвыканкама ўзнагароджаны начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Пётр Антонавіч Пачкоўскі і выконваючы абавязкі старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы ДАІ Дзмітрый Аляксандравіч Краўчанка.

Юбілейным медалём “100 год міліцыі Беларусі” узнагароджаны Васілій Вандалінавіч Згірскі — начальнік аддзялення крымінальнага вышуку, Дзмітрый Міхайлавіч Чапулёнак — старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі, Валерый Апалінар’евіч Малыш — ветэран органаў унутраных спраў.

Нагрудны знак “За самаадданую службу” 2-й ступені ўручаны Івану Віктаравічу Мацкевічу — участковаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх і Ігару Алегавічу Кукуцю — участковаму інспектару.

На ўрачыстасці прысутнічаў начальнік Шаркаўшчынскага райаддзела следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Вінальевіч Кавалёнак. Ён уручыў Падзяку начальніка ўпраўлення следчага камітэта па Віцебскай вобласці начальніку аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Пятру Антонавічу Пачкоўскаму. Начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч таксама ўзнагародзіў граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Пятра Антонавіча Пачкоўскага і ўручыў Прывітальны адрас знагоды 100-годдзя беларускай міліцыі начальніку Шаркаўшчынскага РАУС Сяргею Мікалаевічу Арэшкаву.

Шмат цёплых слоў віншавання адрасаваў прысутным і старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан. Ён таксама ўзнагародзіў шэраг супрацоўнікаў РАУС граматамі грамадскай арганізацыі.

У якасці ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі былыя начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Уладзіміравіч Аксючыц, старшы ўчастковы Віктар Казіміравіч Крук і начальнік ДАІ Валерый Апалінар’евіч Малыш. Ветэраны павіншавалі сваіх калег са знамянальнай датай, пажадалі сённяшнім праваахоўнікам поспехаў у адказнай і высакароднай справе, накіраванай дзеля дабрабыту нашых грамадзян.

Плённай і паспяховай службы, шчасця, трывалага здароўя і сямейнага дабрабыту пажадаў калегам пракурор Шаркаўшчынскага раёна Андрэй Барысавіч Вецюгоў.

— Я глыбока паважаю вас і вашу нялёгкую працу, — сказаў Андрэй Барысавіч. — Прыміце шчырую ўдзячнасць за тую справу, якой вы прысвяцілі сваё жыццё!

Фота Сяргея РАЙЧОНКА

IMG_7856 IMG_7872 IMG_7874 IMG_7876 IMG_7878 IMG_7881 IMG_7883 IMG_7885 IMG_7889 IMG_7893 IMG_7894 IMG_7896 IMG_7899 IMG_7901 IMG_7902 IMG_7904 IMG_7912 IMG_7914 IMG_7917 IMG_7919 IMG_7920 IMG_7922 IMG_7925



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *