Жыхарка вёскі Іванава ў Лужкаўскім сельсавеце Аліна Лявонаўна Грыдзюшка аднойчы пачула, што каб выратавацца ад дэпрэсіі, трэба займацца любімай справай. Прычын для дэпрэсіі ў Аліны Лявонаўны хапае, лёс шчодра надзяліў яе выпрабаваннямі і бедамі, якія б не кожны з нас здолеў вытрымаць. Муж Анатоль памёр неўзабаве пасля таго, як пабыў на работах у Чарнобылі падчас катастрофы. Старэйшы сын Мікалай яшчэ школьнікам пакупаўся пасля прастуды і цалкам згубіў слых, гэта трагедыя наклала адбітак на ўсё яго далейшае жыццё. А малодшы сын трагічна загінуў 5 гадоў назад. Здаецца, дастаткова ўдараў лёсу для аднаго чалавека, каб спыніцца, апусціць рукі і пачаць шкадаваць сябе. І тут у барацьбе з благімі думкамі Аліне Лявонаўне якраз і дапамагае яе любімы занятак — вышыванне. Першыя навыкі яна пераняла яшчэ ў дзяцінстве ад маці, удасканаліла ў школе, і з тых часоў вышыўка суправаджала яе па жыцці. У яе і цяпер захаваліся як памяць работы з 1969, 1973 года, якія яна разгарнула перад намі. І ці трэба казаць, што ўся яе хата ўпрыгожана разнастайнымі вышыванкамі. Сюжэты для іх яна бярэ з казак або проста пераносіць на тканіну ўбачаную ў жыцці прыгажосць. Ідзе, напрыклад, па полі, убачыць прыгожую кветку, запомніць, а потым выкарыстае ў стварэнні ўзору.

Жыве яна, па яе ж словах, дапамогай добрых людзей. Пашчасціла ёй з уважлівымі сацработнікамі — Антонам Аляксандравічам Маліноўскім і яго жонкай Людмілай Сцяпанаўнай, прыходзяць пры неабходнасці на дапамогу суседзі Міхаіл Афанасьевіч і Валянціна Ігнацьеўна Каснікоўскія. Калі ёй сёлета прывезлі дроў, мужчыны іх папілавалі і пакалолі, і цяпер жанчына забяспечана палівам на зіму. А ў 80-гадовай суседкі Зінаіды Карнілаўны Ляўшыцкай можна адшукаць сяброўскую падтрымку, развеяць адзіноту.
А аддзячвае Аліна Лявонаўна тым, хто робіць ёй дабро, створанай уласнымі рукамі прыгажосцю. Яе вышыванкі не залежваецца ў хаце, яна шчодра дорыць іх сваім знаёмым, родным. Таму яе творы можна адшукаць на Украіне, у Латвіі, у Віцебску, Оршы, Докшыцах, Полацку, шмат, вядома, знаходзіцца ў роднай Шаркаўшчыне. Дарэчы, 32 яе работы прадстаўлены ў музеі Лужкаўскай сярэдняй школы.

— Я вышываю, вышываю, а потым прыедуць да мяне госці, і я ім усё пааддаю, — расказвае Аліна Лявоўнаўна. — Прыходзіць да мяне суседка, гаворыць: «Ну што, зноў усё аддала, зноў у цябе ў хаце пуста стала?» А я ёй: «Нічога, будзе зноў поўна». Часу для вышывання хапае. Мне часта не спіцца па начах, я тады саджуся за стол і пачынаю вышываць.
Андрэй БУРЭЦ