Праца людзей на вёсцы ніколі не бывае лёгкай. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да мужчын, і да жанчын. Моцная палова чалавецтва занята тэхнічнымі работамі, жанчыны працуюць у жывёлагадоўлі, на паляводстве. Амаль усе аператары машыннага даення ў нашым раёне — гэта жанчыны. Вялікую частку ад іх агульнай колькасці складаюць маладыя дзяўчаты. Нездарма штогод сярод іх праходзіць раённы конкурс аператараў машыннага даення. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Даватарскі” таксама нямала маладых даярак. Дарэчы будзе сказаць, што менавіта ў гэтым сельгаспрадпрыемстве працуюць маладыя дзяўчаты, якія сваёй стараннай работай паказваюць прыклад іншым равесніцам, хто заняты ў галіне жывёлагадоўлі.
Адна з такіх руплівых працаўніц — Надзея Арлова. Маладая жанчына працуе на малочнатаварнай ферме “Пялікі”. У мінулым годзе амаль кожны месяц Надзея станавілася пераможцай раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення. Неаднаразова станавілася лідарам і сярод даярак Віцебшчыны. Наша газета заўсёды паведамляе пра яе працоўныя дасягненні, якія з кожным разам павышаюцца. Вось мы і вырашылі спытаць непасрэдна ў самой Надзеі, якім чынам атрымліваецца ў яе дасягаць поспехаў у працы і станавіцца пераможцай на раённым і абласным узроўнях.
— Нічога звыш асаблівага тут няма, — крыху сарамліва кажа нам яна, — проста працу сваю трэба любіць, паважаць тых людзей, хто шчыруе з табой разам, а яшчэ добрасумленна выконваць ускладзеныя абавязкі. У жывёлагадоўлю я прыйшла пасля заканчэння Германавіцкай сярэдняй школы. Працаваць пачала ў тых жа мясцінах. Затым па волі лёсу трапіла ў ААТ “Даватарскі”. І вось ужо шосты год працую аператарам машыннага даення на МТФ “Пялікі”.
Мой рабочы дзень, як і ў астатніх даярак, пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. Даенне кароў трохразовае. Дамоў жа пасля вячэрняй дойкі мы трапляем толькі познім вечарам. Праца хоць і цяжкая, але яна прыносіць карысць грамадству. З надояў малака складаецца грашовы прыбытак гаспадаркі і наш заробак. Таму аператары машыннага даення зацікаўлены, каб якасць гэтага каштоўнага прадукту была найвышэйшай. А яно з нашай фермы рэалізуецца дзяржаве толькі класам “экстра”.
Па выніках мінулага года Надзея Арлова надаіла ў сярэднім на адну карову 6.412 кілаграмаў малака. А валавы надой склаў 273 тоны 563 кілаграмы.
У лютым 2017 года Надзея змагла надаіць 22 тоны 400 кілаграмаў малака са свайго гурта, у якім 45 кароў. Сярэдні надой на адну галаву жывёлы склаў 500 кілаграмаў. І зноў гэты паказчык стаў лепшым у раёне.
І дома Надзея такая ж працавітая і старанная, як на ферме. У сваёй хатняй гаспадарцы яны разам з мужам Паўлам трымаюць ажно тры каровы, двух цялят, трох свіней, іншую жыўнасць. А дапамагаюць спраўляцца з хатнімі клопатамі іх сыны — васьмікласнік Арцём і Мікалай, які на адзін год маладзей за свайго брата. Старэйшы сын нават кароў можа падаіць, калі бацькі затрымліваюцца на рабоце. А жыве іх дружная сям’я ў Пяліках, ва ўтульным і гасцінным новым доме, у якім яны і гаспадараць сумесна, і сяброў на парозе сваёй сядзібы таксама сустракаюць разам.
У пятніцу, 24 сакавіка, у раённым Цэнтры культуры адбудзецца святочная ўрачыстасць, прысвечаная ўшанаванню лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” па выніках працы за мінулы год. Сярод чатырнаццаці лаўрэатаў у намінацыі “сельская гаспадарка” ўзнагароду атрымае і Надзея Арлова, якая сваёй сумленнай працай па праву заслужыла павагу ў грамадстве.
Сяргей РАЙЧОНАК.
