Давайце абдымацца! 21 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца адно з самых незвычайных святаў — «Міжнародны дзень абдымкаў»

Актуальное

Па-сяброўску абняць у гэты дзень можна нават незнаёмых людзей.
Нягледзячы на яшчэ зусім юны ўзрост гэтага свята, сёння цяжка знайсці аўтара: каму ўпершыню ў галаву прыйшла такая ідэя святкавання 21 студзеня і чаму выбрана менавіта гэтая дата — невядома. Першымі братацца на вуліцах пачалі заходнееўрапейскія студэнты яшчэ 30 гадоў назад. З цягам часу дзень абдымкаў набыў статус сусветнага. Менавіта ў гэты дзень хлопцы і дзяўчаты абдымалі адно аднаго без усякай інтымнай падаплёкі. Па своеасаблівай легендзе, падчас сяброўскіх абдымкаў людзі абменьваюцца душэўнай цеплынёй.
Псіхолагі лічаць, што людзі, якія любяць абдымацца —жадаюць адчуць пачуццё бяспекі, камфорту і кахання. А абдымкі суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця. Мы абдымаем сяброў і родных пры сустрэчы пасля расстання, абдымаем адно аднаго, каб выказаць сваю радасць і падзяку.
Свой пункт гледжання на абдыманне ёсць і ў медыкаў — па меркаванні італьянскага прафесара Вінчэнца Марыньяна, эліксірам жыцця з’яўляюцца абдымкі. Менавіта гэтыя эмацыянальныя праявы не толькі ўмацоўваюць здароўе, але і падаўжаюць жыццё.
Па ўспамінах сучаснікаў, геніяльны Альберт Эйнштэйн любіў абдымацца са сваёй жонкай, калі сутыкаўся з цяжкавырашальнымі задачамі. I хто ведае, можа менавіта ў гэтыя хвіліны і была адкрыта яго тэорыя адноснасці.
Але асабліва важныя абдымкі ў раннім дзяцінстве. Медыкі сцвярджаюць, што дзіця, якое мала лашчылі, можа вырасці агрэсіўным і не здольным любіць іншых.
Псіхолагі адзначаюць, што калі дзіця абдымаюць, цалуюць, яно набывае пэўны вопыт зносін. Яму камфортна ў гэтай сітуацыі. А калі яму добра, то і ён жадае падзяліцца гэтай радасцю, падарыць яе камусьці.
Але з узростам такая непасрэднасць, як правіла, губляецца. Вось і прыдумалі адмысловы дзень, калі можна дазволіць сабе забыцца аб стрыманасці, усміхнуцца і расхінуць абдымкі зусім незнаёмаму чалавеку.
Прыемна тое, што святкаванне 21 студзеня не патрабуе ніякіх матэрыяльных выдаткаў. Вам варта толькі шчодра ўзнагародзіць сваёй цеплынёй усіх, каго палічыце патрэбным. Віншуючы са святам, падарыць сваім блізкім, любімым і каханым людзям абдымкі ў знак цёплага стаўлення да іх, нагадаць тым самым аб сваіх шчырых цёплых пачуццях.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *