
— Асноўная мэта, з якой быў створаны наша ўстанова, — сказала, звяртаючыся да наведвальнікаў выставы, дырэктар цэнтра рамёстваў Вікторыя Казіміраўна Дубоўская, — гэта захаванне і развіццё традыцыйнай нацыянальнай культуры, асабліва яе мастацка-графічнай спадчыны. Нашы спецыялісты шукаюць звесткі аб бытаванні рамёстваў на тэрыторыі раёна, выязджаюць у вёскі, знаёмяцца з майстрамі, збіраюць творы ў наш фонд, пераймаць іх майстэрства, а потым перадаюць здабыткі традыцыйнай культуры сваім вучням праз заняткі ў гуртках. І канешне, ствараюць самі. Прыкладна раз у год мы праводзім справаздачную выставу, дзе выстаўляем увазе наведвальнікаў плён свай працы.

Сёлета ўдзел у выставе прынялі Інэса Туронак (дэкаратыўнае пано з тканіны), Наталля Карман (жывапіс), Ала Нікіфараўна Леднік (аплікацыя з саломкі), Вольга Беласлудцава (маляваныя дываны), Святлана Заіка (выцінанка), сямейная пара Рымдзёнкаў з Германавіцкага Дома ганчара (Сяргей займацца ганчарствам, Ганна — ткацтвам), Ірына Груніна (вышыўка), Людміла Сомава ( беларуская лялька), Вікторыя Казіміраўна Дубоўская (саломапляценне). Пра асаблівасці абраных імі рамёстваў, увогуле, творчасці цікава расказалі наведвальнікам Наталля Карман, Сяргей Рымдзёнак, Ала Нікіфараўна Леднік.
Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзялілася Ганна Афінагенаўна Янчык. «Я заўсёды наведваю падобныя выставы, — сказала яна. — Бо і сама аматар народнай творчасці, займаюся вышыўкаў. З цікавасцю паглядзела на тканыя ручнікі, творы з саломкі спадабаліся, і карціны тут такія прыгожыя, што словамі неяк і не выкажаш.»
Высокі ўзровень майстэрства аўтараў адзначыў мастак Віктар Фёдаравіч

Крук і заклікаў часцей ладзіць такія выставы, у тым ліку і персанальныя.
Дадзеная ж выстава будзе праходзіць да канца лютага, таму ў шаркаўчан захоўваецца магчымасць сустрэцца з прыгажосцю, прадстаўленыя тут творы па-сапраўднаму яскравыя і цікавыя. Да таго ж, яны вельмі розныя, кожны па-свойму адлюстраваў творчую індывідуальнасць аўтараў. Любуючыся творамі — карцінамі, аплікацыямі з саломкі, ганчарнымі вырабамі, тканымі дыванамі і ручнікамі, лялькамі — міжволі думаеш, колькі ж карпатлівай працы, часу, клопату затраціў майстар на іх стварэнне. І менавіта дзякуючы гэтаму у кожнай рэчы у адрозненні ад тых, якія робяцца масава на заводах, жыве цеплыня рук творцы, часцінка яго душы. Кожная з прадстаўленых на выставе работ, без сумневу, можа ўпрыгожыць любы дом. І калі нейкая рэч спадабаецца наведвальніку, яе можна адразу ж без праблем набыць.
Андрэй БУРЭЦ





