
Хрысціння Маісееўна Іванова — адзіная ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, якая зараз пражывае на тэрыторыі Іёдскага сельсавета ў вёсцы Таўкіні. Па прычыне паважанага ўзросту і па стане здароўя жанчыне цяжка ўспамінаць гады ваеннага ліхалецця, на якія выпала яе маладосць.
Нарадзілася Хрысціння Маісееўна на Браслаўшчыне. У час вайны ў іх мясцінах дзейнічалі партызанскія злучэнні. Аднойчы падчас чарговай аблавы на народных мсціўцаў гітлераўскім захопнікам ўдалося разбіць партызанскі атрад. Уратавацца ўдалося толькі камандзіру. Ён апынуўся каля дома, дзе жыла Хрысціння Маісееўна, і, уцякаючы ад немінучай гібелі, схаваўся каля іх дома. Пасля завяршэння аблавы яшчэ на працягу многіх дзён жанчына выходжвала партызанскага камандзіра, пешшу хадзіла ў Браслаў па лекі. Рызыкуючы ўласным жыццём дабывала для народных мсціўцаў карысную інфармацыю пра захопнікаў, з’яўлялася партызанскай сувязной.
Пасля вайны гэты партызан, імя якога, на жаль, Хрысціння Маісееўна не памятае, адшукаў яе, каб падзякаваць за выратаванае жыццё. А працаваў ён начальнікам на адным з рыжскіх прадпрыемстваў. Праз шмат год мужчына прыязджаў у Беларусь, каб зноў сустрэцца з Хрысцінняй Маісееўнай.
Пасля вайны жанчына выйшла замуж і пераехала жыць у наш раён. Працавала на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Глісцёнкі. Цяпер жыве разам з сынам Кірылам і нявесткай Ірынай.
Сяргей РАЙЧОНАК.
