Ён наш гонар і наш боль. Пра Браніслава Тарашкевіча, якому 20 студзеня споўнілася 120 гадоў, расказвае Кліменцій Кожан

Актуальное

Так атрымліваецца, што пра асобу Браніслава Тарашкевіча ведаюць пераважна беларускія мовазнаўцы, тыя, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі. Шырокаму колу грамадства гэты таленавіты сын беларускага народа вядомы не так добра. Вось і яго 120-годдзе, якое прыпала на 20 студзеня, прайшло досыць незаўважна. Між тым, ведаць пра гэтага чалавека трэба кожнаму беларусу. Чаму? Адказ на гэтае пытанне дае наш пастаянны аўтар Кліменцій Арсеньевіч Кожан у дасланым да нас лісце.
Андрэй БУРЭЦ.

20 студзеня 2012 года споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча, выдатнага вучонага, грамадскага і палітычнага дзеяча, аўтара першай «Беларускай граматыкі для школ» (1918 год).
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі Віленскага павета (цяпер Літва) у сялянскай сям’і.  У 1906 годзе, добра здаўшы экзамены, паступіў у 3-і клас 2-й Віленскай мужчынскай гімназіі, скончыў яе ў 1911 годзе і паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта. Пасля завяршэння вучобы ў 1916 годзе быў пакінуты пры кафедры рускай мовы і літаратуры, таксама працаваў як прыват-дацэнт старажытнагрэчаскай і лацінскай моў. Браніслаў Тарашкевіч пастаянна прымае актыўны ўдзел у нацыянальным руху, адначасова займаючыся палітычнымі і адукацыйнымі справамі. Ён быў адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1921-22 гадах працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, быў адным з заснавальнікаў і кіраўніком Таварыства беларускай школы. Абраны паслом Сейма Польшчы, ён абараняў там сацыяльныя і нацыянальныя правы працоўных і сялян Заходняй Беларусі. За беларускую ідэю, за за беларускую праўду ён ішоў на скрут галавы.
Лёс Тарашкевіча выразна адлюстроўвае агульную трагедыю, якая сустрэла беларусаў у першай палове 20 стагоддзя, калі яны апынуліся паміж савецкім молатам і польскім кавадлам. І тыя, і другія імкнуліся стрымаць нацыянальны рух беларусаў. За актыўную дзейнасць у Заходняй Беларусі, яго пераследавалі польскія ўлады. У студзені 1927 года ён быў арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў. Праўда, у маі 1930 года па спецыяльным загадзе Прэзідэнта Польшчы яго вызвалілі, каб  дыскрыдэтаваць у вачах беларускай грамадскасці. Але на свабодзе Тарашкевіч прабыў нядоўга, у лютым 1931 года яго арыштавала польская дэфензіва і за палітычную дзейнасць яму прысудзілі 8 гадоў катаржнай турмы. 3 верасня 1933 года паміж польскімі і савецкімі ўладамі адбыўся абмен палітзняволенымі, у выніку якога Тарашкевіч трапіў у Савецкі Саюз. Але спакойнае жыццё тут, дзе у самым разгары былі рэпрэсіі, не магло быць працяглым. 6 мая 1937 года ён быў арыштаваны па беспадстаўным абвінавачанні ў «шпіёнскай дзейнасці». 5 студзеня 1938 года «двойкай НКУС і Пракуратуры СССР» прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 29 лістапада 1938 года бальшавікамі ў Мінску. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 26 студзеня 1957 года.
Жыццё Браніслава Тарашкевіча абарвалася на 46-м годзе. Тым не менш ён паспеў многае зрабіць на карысць Беларусі. Актыўная грамадская дзейнасць, якой патрабаваў той час, не пакідала шмат часу на навуку і творчасць. Але нават у складаных абставінах, ён працаваў. Так падчас знаходжання ў польскай турме пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, пісаў публіцыстычныя творы. Але, канеше, самым значным яго творам, якім ён навекі ўпісаў сябе ў гісторыю Беларусі, стала «Беларуская граматыка для школ». Створаная па прапанове Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні і надрукаваная ў 1918 годзе кірыліцай і лацініцай у знакамітай друкарні Марціна Кухты, граматыка Тарашкевіча стала абагульненнем і замацаваннем пісьмовых традыцый, што склаліся ў той час у беларускім друку. Пры гэтым аўтар улічваў здабыткі і распрацоўкі тагачаснай лінгвістычнай навукі. З таго часу граматыка перавыдавалася 6 разоў, доўгі час яна была адной з асноўных крыніц вывучэнне беларускай мовы ў навучальных установах. Менавіта яна заклала асновы і нормы сучаснай беларускай, усе наступныя падручнікі па беларускай мове бяруць свае вытокі ад яе.
Кліменцій КОЖАН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *