Доўгі час чалавек не меў надзейных сродкаў аховы ад шаленства. Кожны, каго пакусала шалёная жывёла, паміраў. Зараз лякарствы ад гэтага захворвання таксама не знойдзены, аднак існуюць сродкі, якія зніжаюць рызыку заражэння на шаленства. Штогадовая вакцынацыя хатняй жывёлы — важкая дапамога.
Вірус шаленства выклікае запаленне галаўнога мозгу ў жывёлы і чалавека. Перадаецца са сліной пры ўкусе хворай жывёлай. Затым распаўсюджваецца па нервовых шляхах, дасягае слінных залоз і нервовых клетак кары галаўнога мозгу, выклікае цяжкія незваротныя парушэнні.
Дарэчы, шаленства сустракаецца на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Гэта хвароба не рэгіструецца ў астраўных дзяржавах: у Японіі, Новай Зеландыі, на Кіпры, Мальце, а таксама ў Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Іспаніі і Партугаліі.
Адрозніваюць прыродны тып шаленства, ачагі якога фарміруюцца дзікай жывёлай (воўк, лісіца, янотападобны сабака, шакал, пясец, лятучыя мышы) і гарадскі — (сабакі, кошкі, сельскагаспадарчая жывёла). Напрыклад, у Індыі аднымі з асноўных пераносчыкаў шаленства з’яўляюцца лятучыя мышы.
Людзям, якіх укусіла хворая на шаленства або падазроная жывёла, робяць вакцынацыю.
Якія абставіны з шаленствам у нашым раёне? Аб гэтым паведаміла вядучы ўрач-паразітолаг райветстанцыі Наталля Мікалаеўна СІКОРА:
— За мінулы год адстрэлены 169 бадзяжных сабак, 20 лісіц, 18 янотападобных сабак і 6 ваўкоў. Праведзена вакцынацыя 2238 сабак і 946 катоў. За 2011 год зарэгістраваны 9 выпадкаў, калі людзей пакусалі сабакі, і 2 — сёлета. Гэтым грамадзянам праведзена вакцынацыя супраць шаленства.
Вось прыклады: у вёсцы Казачкі КУВСП “Гарадзец” быў выяўлены кот, хворы на шаленства. У гэтай гаспадарцы ва ўрочышчы Кузьмічава адстрэлены хворы бадзяжны кот, а ў Тупічана — янотападобны сабака. У вёсцы Курылава ААТ “Княж” лісіца прыйшла прама ў хлеў гаспадароў. Такая з’ява назіралася і ва ўрочышчы Грыблы ААТ “Васюкі”. У вёсцы Сасноўцы паляўнічы прыстрэліў лісіцу, а яна паспела яго ўкусіць за руку. У пяці выпадках, калі была выяўлена хворая жывёла, накладзены каранцін.
Тэрміновая вакцынацыя пасля заражэння вірусам звычайна дазваляе прадухіліць развіццё захворвання і вылечыць чалавека. Таму пры ўкусах дзікай або хатняй жывёлай, тэрмінова трэба звяртацца да ўрача. Любыя прамаруджванні тояць у сабе небяспечныя вынікі.
Кацярына СОСНА
