Пра фельчара Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі Таццяну Вячаславаўну Пугаўка

Актуальное

Гартаючы рэдакцыйную пошту, нескладана заўважыць, што найбольшую колькасць пісем са словамі ўдзячнасці і шчырымі пажаданнямі ўсяго самага найлепшага жыхары нашага раёна адрасуюць медыцынскім работнікам, будзь то фельчар, медсястра ці ўрач. І гэта цалкам заканамерна: няма на свеце справы больш важнай, чым барацьба за жыццё і здароўе чалавека.
На працягу амаль трох дзясяткаў гадоў жыхары Германавіцкага сельскага савета звяртаюцца за медыцынскай дапамогай да свайго фельчара Таццяны Вячаславаўны Пугаўка. На абслугоўванні гэтай жанчыны 1990 чалавек, у тым ліку 262 дзіцяці. У апошнія гады гэты энергічны і адказны спецыяліст з вялікім стажам работы паспяхова спалучае работу на Велікасельскім ФАПе і ў Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі.
Як сцвярджаюць самі пацыенты — мясцовы фельчар — гэта лепшая “хуткая дапамога” для кожнага вясковага жыхара. Ён на сяле і хірург, і тэрапеўт, і, наогул, гэты чалавек заўсёды валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй пра здароўе кожнага свайго пацыента. Што тут дзіўнага? У вёсцы кожны чалавек на віду.
“І сапраўды, дзейнасць фельчара — шматпрофільная”, — адзначыла Таццяна Вячаславаўна. Разам з урачом тэрапеўтам Аляксандрам Майсеевічам Стасевічам гераіня гэтага матэрыялу праводзіць тэрапеўтычны прыём пацыентаў, ажыццяўляе некаторыя хірургічныя мерапрыемствы, наведвае хворых на даму, у сферы яе абавязкаў таксама — кантроль за здароўем цяжарных жанчын і малышоў і прафілактычная работа з насельніцтвам.
Каля 20 чалавек у дзень прыходзяць на прыём да фельчара. Некаторыя з іх наведваюць дзённы стацыянар, што створаны ў Германавіцкай амбулаторыі. Таццяна Вячаславаўна ажыццяўляе ўсе неабходныя працэдуры, назначаныя ўрачом. Асноўныя з іх — капельніцы і іншыя ін’екцыі.
Наогул, медработнікі, якія займаюцца лячэннем людзей у аграгарадку Германавічы, давер сваіх аднавяскоўцаў заслужылі спаўна. Усе медыкі Германавіцкай амбулаторыі  выдатна ведаюць сваю справу і маюць вялікі працоўны вопыт. Сярод іх медсястра дзённага стацыянара, спецыяліст з 40-гадовым стажам Лія Уладзіміраўна Цярэшка, медыцынскія сёстры Наталля Уладзіміраўна Ліпская і Алена Тадэвушаўна Фёдарава, акушэрка Таццяна Францаўна Ганебная. На працягу апошніх трох гадоў узначальвае гэты жаночы калектыў урач-тэрапеўт Аляксандр Майсеевіч Стасевіч.
Час бяжыць вельмі хутка. Многае мяняецца і ў жыцці медыцынскіх работнікаў. Нязменнымі застаюцца толькі шчырыя словы  ўдзячнасці ад пацыентаў за высокі прафесіяналізм і бясцэнную дапамогу ў барацьбе за самае дарагое.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *