14 гадоў таму ў нашым гарадскім пасёлку, непадалёку ад Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2, уздоўж дарогі з’явілася алея маладых каштанаў, ці “Алея славы”, як яе называюць мясцовыя жыхары, бо пасаджаны маладыя дрэўцы былі ў год святкавання 500-гадовага юбілею Шаркаўшчыны. За адзначаны перыяд дрэўцы падраслі, а парадак на тэрыторыі алеі наводзяць вучні школы разам са сваімі настаўнікамі. У адзін з ліпеньскіх дзён побач з дрэўцамі можна было ўбачыць чародку гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, у большасці сваёй гэта былі вучні Шаркаўшчынскай СШ № 2, якія ў гэтым годзе закончылі пачатковую школу. Разам з педагогамі Раісай Анатольеўнай Войтавай і Аленай Валер’еўнай Пальчэх яны зграбалі скошаную траву і акуратна яе складвалі, наводзілі парадак на тэрыторыі алеі. Дзеці працавалі дружна і весела, іх звонкія галасы чуваліся здалёк. Ужо не першы год вучні сярэдняй школы № 2 даглядаюць “Алею славы” і ўжо сёння маладыя дрэўцы нагадваюць выпускнікам гэтай навучальнай установы пра шчаслівыя моманты дзяцінства, праведзеныя ў школе. А сама “Алея Славы”, хоць дрэўцы яшчэ і невялікія, праз некаторы час упрыгожыць наш гарадскі пасёлак. Дзякуй дзецям за іх працу.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
