«Нам мароз не перашкода!» Шаркаўшчынская лыжня-2012

Спорт

на старце — лыжнікі

Лыжная эстафета
Як правіла, у аснове ўсіх зімовых спартыўных мерапрыемстваў ляжаць эстафета або проста пераадоленне на лыжах канкрэтнай дыстанцыі. Не стала выключэннем і названае мерапрыемства. Стадыён СШ № 1 дазволіў свабодна стартаваць усім лыжнікам першага этапа (у камандзе два мужчыны і дзве жанчыны).
Аператыўна кожны стаў на сваю лыжню і застыў у чаканні каманды “марш”. І яна хутка прагучала, бо, як выказаўся адзін з удзельнікаў, “тэмпература паветра далёка не плюсавая”. Нібы жадаючы хутчэй сагрэцца лыжнікі сарваліся з месца і ўжо праз нейкіх сто метраў вызначыўся яўны лідар — Яўген Астаповіч з каманды “Самародак”. Адразу адчувалася, што на дыстанцыі добра падрыхтаваны спартсмен, здольны даць фору кожнаму, хто паспрабуе пацягацца з ім на двухкіламетровай дыстанцыі. Так яно атрымалася на самой справе. Упэўнена прайшоў дыстанцыю Яўген і першым перадаў эстафету, апярэдзіўшы бліжэйшых праследвальнікаў метраў на 300—400. А такі задзел — добрая заяўка на агульную перамогу. І лыжнікі “Самародка” не ўпусцілі свой шанс. Пераможна ўскінуўшы над галавой лыжныя палкі фінішавала Тэрэза Грыгаровіч. На другім і трэцім этапах за каманду беглі Іна Грыдзюшка і Сяргей Гембіцкі.
Намаганні ўдзельнікаў з каманд з Германавіч і СШ № 2 таксама не прапалі дарэмна. Хаця і з некаторым адставаннем яны фінішавалі другімі (Юрый Мядзелец, Анна Хаданёнак, Юрый Хрытоненка, Марына Фёдарава) і трэцімі (Дзмітрый Тарарака, Наталля Бабчонак, Віктар Сімановіч, Вольга Цярэшка).
Бервяно
Асаблівых эмоцый на адведзенай пляцоўцы ніхто не дэманстраваў. Больш за 50 самых моцных прадстаўнікоў каманд, згодна з выклікамі суддзяў, па чарзе падыходзілі да снарада даўжынёй каля 2 метраў і вагой за 30 кілаграмаў і спрабавалі штурхануць яго як мага далей. У адных атрымлівалася нядрэнна, другія паказвалі вынік у межах 6 метраў. І толькі кідкі ў раён сяміметровай адзнакі выклікалі галасы адабрэння. Найбольш іх было адрасавана Андрэю Катушонку (РАНС), Анатолію Васілевічу (“Самародак”) і Валерыю Ліпскаму (РАНС), якія і сталі пераможцамі ў дадзеным адзінаборстве.
Камандныя месцы ў кіданні бервяна размеркаваліся наступным чынам. Першае месца занялі прадстаўнікі РАНС (Валерый Ліпскі і Андрэй Катушонак), на другім асілкі з “Самародка” (Анатолій Васілевіч і Яўген Астаповіч), на трэцім — каманда “Шаркаўшчынарайгаз” (Андрэй Юдыцкі і Юрый Жынгель).
Дартс
Адна палова спартыўнай залы СШ № 1 была практычна жаночай. Тут дэманстравалі цвёрдасць рукі і трапнасць вока аматары пакідаць дроцікі. І не проста пакідаць, а старацца такім чынам набраць найбольшую колькасць ачкоў і даказаць сваю перавагу над саперніцамі. Інтарэсы кожнай камнды абаранялі па дзве ўдзельніцы, хаця ў канчатковым выніку вызначаліся самыя трапныя як у камандным, так і асабістым заліку.
Дастойна вытрымалі дадзены экзамен дартсісткі раённай бальніцы (Валянціна Хаданёнак і Наталля Ліпская), якія занялі першае месца, “серабро” заваявалі прадстаўніцы ДБУ-26 (Алена Кірылава і Наталля Буйка), “бронза” у каманды Княж+Германавіцкая СШ+Сталіцкая БШ (Марына Фёдарава і Жанна Бурэнь).
У асабістым заліку ўзнагароды атрымалі Наталля Ліпская (раённая бальніца), Раіса Пронька (Юдыцына+Лонская БШ), Алена Кірылава (ДБУ-26).
Стральба
Асабісты прыклад кіраўніка прадпрыемства ці арганізацыі станоўча ўплывае на настрой членаў каманды, дапамагае мабілізавацца на дасягненне больш высокага рэзультата як у паўсядзённых рабочых буднях, так і на спартыўных пляцоўках. Менавіта з такім намерам і была ўключана ў праграму стральба з малакалібернай вінтоўкі з запрашэннем на агнявы рубеж кіруючых кадраў. Спаборніцтвы праводзіліся ў спартыўнай зале СШ № 1. Паралельна стралялі і мужчыны, і жанчыны. Сярод кіраўнікоў жаночага полу на агнявым рубяжы найбольш упэўнена адчувалі сябе Раіса Лагунёнак (Буеўшчына+Іёдская СШ), Валянціна Хаданёнак (ЦРБ), Таццяна Грыбок (Белаграпрамбанк). Вось такі жаночы п’едэстал.
Імкнуліся замацаваць свой статус абаронцаў Айчыны і мужчыны, тым больш напярэдадні свята. І хаця ў некаторых кулі часцей траплялі ў “малако”, большасць даказала сваю годнасць, пацвердзіла, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Найбольшую колькасць ачкоў выбіў Дзмітрый Цыркін (РВЭС) і заняў першае месца. Другое ў Аляксандра Асятрова (РАУС), трэцяе ў Аляксандра Герната (Буеўшчына+Іёдская СШ).
У гэтым відзе падводзілася і агульнакаманднае выступленне. Мацнейшымі аказаліся стралкі з Буеўшчыны+Іёдская СШ. Крыху ўступілі ім прадстаўнікі РВЭС і РАУС, якія занялі адпаведна другое і трэція месцы.
Перацягванне каната
Вялікай папулярнасцю карыстаецца гэты від адзінаборства. Паядынкі праводзяцца на вачах соцень балельшчыкаў, якія дружна падтрымліваюць тую ці іншую каманду. Таму і станоўчых эмоцый хапае, як і расчараванняў. Алімпійская сістэма, прайграў — станавіся балельшчыкам і перажывай за сябра, за суседа, ці проста аддай сваю сімпатыю той ці другой камандзе. Але не будзь раўнадушным.
На працягу апошніх гадоў яўным лідарам у гэтым відзе спорту зарэкамендавалі сябе асілкі з Германавіч. І сёлета, паглядзеўшы на састаў каманды, падумалася, што традыцыя не будзе парушана. Першы выхад пераканаў у правільнасці першапачатковых вывадаў. Выйшлі, узяліся без усялякай мітусні за канат. Пару секунд і… нібыта не адчулі супраціўлення сапернікаў. І так раз за разам. Кожны выхад увенчваўся чарговай перамогай.
Згодна з рашэннем судзейскай калегіі барацьба за прызавыя месцы праводзілася да дзвюх перамог. На фінальны паядынак з прадстаўнікамі “Княжа” выйшлі будаўнікі ПМК-68. Але і яны не змаглі аказаць упартага супраціўлення, хаця стараліся з апошніх сіл. Каманда Княж+Германавіцкая СШ+Сталіцкая БШ, за якую выступалі Уладзімір Яблонскі, Павел Яблонскі, Міхаіл Хаданёнак, Віктар Крыўко, Ірына Хаданёнак і Анна Свілёнак, заняла першае месца. Думаецца, што сваё другое месца годна ацанілі і будаўнікі ПМК-68 (Юрый Кірылаў, Яўген Ерахновіч, Аляксандр Баговіч, Аляксандр Крыўко, Наталля Калтыжэнкава, Аксана Сініца). Выйгралі свой паядынак за трэцяе месца супрацоўнікі РАУС (Валерый Курыловіч, Леанід Хаданёнак, Васілій Згірскі, Валерый Мішута, Юлія Ляўшыцкая, Аксана Сініца. Заўвага: на паядынкі выходзілі дзве Аксаны Сініцы).
Падводзім вынікі, робім вывады
Дзесьці каля паўгадзіны спатрэбілася аргкамітэту спаборніцтваў і судзейскай калегіі для падвядзення канчатковых вынікаў. Але спартсмены з розных куточкаў раёна не сумавалі. Іх увазе, было прадстаўлена выступленне артыстаў раённага Дома культуры. Задорныя песні ў іх выкананні ў сугуччы з танцавальнымі рытмамі не давалі сумаваць. Пад гэтую ж музыку мелі магчымасць выйсці на каток аматары пакатацца на каньках, бо быў арганізаваны іх пракат. Нават паназіраць цікава. Хтосьці даволі спрытна трымаўся на лёдзе, некаторыя, ніколькі не камплексуючы, карыстаючыся прынцыпам “Хоць раз пракачуся” рабілі першыя няўпэўненыя крокі. Падалі, падымаліся, хто сам, хто з дапамогай больш спрактыкаваных. Адным словам, атмасфера на школьным катку панавала самая прыязная, што стварала дадатковы добры настрой.
Да месца адзначыць, што дастойны ўклад у поспех “Шаркаўшчынскай лыжні-2012” унеслі работнікі райспажыўтаварыства. Кожны жадаючы на працягу 3—4 гадзін меў магчымасць адведаць юшкі, кашы, паласавацца шашлыкамі. І ўсё было, нягледзячы на марознае надвор’е, “с пылу, с жару”. Цёплае, гарачае і, што вельмі важна, смачнае. Думаецца, што ў гэты дзень абслугоўваючы персанал атрымаў ад спартсменаў і балельшчыкаў шмат слоў удзячнасці на належнае абслугоўванне.
І вось заключнае пастраенне. Аб’яўлены вынікі, аб якіх паведамлена крыху вышэй. Намеснік старшыні райвыканкама А. А. Цітовіч перадаў удзельнікам “Шаркаўшчынскай лыжні-2012” шчырае прывітанне ад старшыні райвыканкама М. В. Морхата і ўручыў пераможцам дыпломы, медалі, а пераможцам у агульнакамандным заліку (Княж+Германавіцкая СШ+Сталіцкая БШ, Агратэхсэрвіс+Вялікасельская СШ+Гуркаўская БШ+Болкалаўская БШ+Шкунцікаўская БШ, ДБУ-26) яшчэ і кубкі. Пажадаў поспехаў у правядзенні чарговых спаборніцтваў. Зазначыў таксама, што ў далейшым аргкамітэту неабходна будзе ўнесці ў рэгламент некаторыя змяненні.
Эдуард КОРСАК

традыцыйнае ўзняцце сцяга спаборніцтваў
гандлёвае абслугоўванне
у ліку самых трапных стралкоў і Валянціна Хаданёнак з ЦРБ
намеснік старшыні райвыканкама А. А. Цітовіч віншуе пераможцаў у лыжнай эстафеце
у перацягванні каната роўных, як заўсёды, не было камандзе з ААТ "Княж"
першыя крокі на катку аказаліся няўдалымі 🙂
а культработнікі адказвалі за тое, каб на свяце было весела
яшчэ адзін навічок на катку
у “Шаркаўшчынскай лыжні-2012” перамагла дружная каманда Княж+Германавіцкая СШ+Сталіцкая БШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *