
14 лютага закаханыя ўсяго свету адзначалі дзень святога Валянціна. У нашай краіне гэта прыгожае свята з’явілася не так даўно і, тым не менш, заваявала шырокую папулярнасць сярод моладзі.
У дзень святога Валянціна юнакі і дзяўчаты нашага гарадскога пасёлка і маладыя жыхары горада Міёры атрымалі запрашэнне ў раённы дом культуры на рамантычную шоу-праграму “Каханне з першага погляду”. А работнікі Шаркаўшчынскага РДК прапанавалі прадстаўнікам маладога пакалення двух суседніх рэгіёнаў цудоўную магчымасць пазнаёміцца і добра адпачыць. Згадзіцеся, дзень усіх закаханых як не адзін іншы выдатна падыходзіць для знаёмства.
Галоўнымі героямі захапляльнага шоу сталі шаркаўшчынскія хлопцы і міёрскія дзяўчаты, якія паспяхова справіліся з усімі выпрабаваннямі вядучых (у іх ролі выступілі Марыя Рабіза і Сяргей Цыунчык), і паспрабавалі стаць самай ідэальнай парай. Знаходлівыя і абаяльныя удзельнікі дэманстравалі свае таленты, выходзілі пераможцамі з самых непрадбачных і каверзных сітуацый, імкнуліся больш даведацца адзін пра аднаго. Моладзь, якая прыйшла на свята, не шкадавала сваіх апладысментаў для ўдзельнікаў. Асаблівую падтрымку гледачоў у Валянцінаў дзень адчувалі Дзмітрый Туронак, Іван Русецкі і Міхаіл Андрэеў. Бо менавіта гэтым маладым людзям на свяце ўсіх закаханых давялося абараняць гонар шаркаўшчынскіх мужчын.
Работнікі раённага Дома культуры паспрабавалі зрабіць усё магчымае, каб самае рамантычнае свята года пакінула ў душы кожнага добры след. Шмат прыемных эмоцый сваім гледачам падарыла творчая сямейная пара Уладзіміра і Анжэлы Касцюкевічаў, у выкананні якіх прагучала некалькі музычных нумароў.
У дзень усіх закаханых прысутнічалі на свяце і прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар раённага камітэта Дзмітрый Туронак павіншаваў міёрскую і шаркаўшчынскую моладзь са святам і падвёў вынікі акцыі “За любімую Беларусь”, якая праходзіла ў нашым раёне ў першай палове лютага. Падзячны ліст і падарунак за актыўны удзел у акцыі атрымалі вучні Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. У гэты ж дзень у фае дома культуры прадстаўнікі маладога пакалення прымалі ўдзел у конкурсе на лепшае пажаданне свайму раёну. Шмат добрых слоў юнакі і дзяўчаты адрасавалі свайму гарадскому пасёлку, месцу, дзе прайшло іх дзяцінства.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ









