12 жніўня ў аграгарадку Германавічы адбыўся «Бульбяны фэст»

Актуальное

IMG_3981 (Копировать)Імкліва бяжыць час, на працягу якога мяняюцца і наш Шаркаўшчынскі раён, і яго жыхары. А вось беларуская культура, народныя традыцыі, звычаі і абрады застаюцца амаль нязменнымі, дзякуючы людзям, якія ўсё гэта беражліва захоўваюць. У ліку такіх людзей былая настаўніца з аграгарадка Германавічы, арганізатар шматлікіх мастацкіх пленэраў Ада Эльеўна Райчонак. Жанчына, якая ўжо даўно на заслужаным адпачынку, па-ранейшаму арганізуе цікавыя творчыя імпрэзы, мэта якіх — захаваць нашу беларускую спадчыну: мову, культуру, традыцыі і абрады нашых продкаў. Адно з такіх цікавых самабытных святаў прайшло ў аграгарадку Германавічы ў жніўні. Таленавітыя, цікавыя, творчыя, неабыякавыя да захавання беларускай народнай культуры і беларускай мовы людзі сабраліся каля касцёла Перамянення Пана на свята, якое мела назву “Бульбяны фэст”.

Падчас свята, прысвечанаму “другому” хлебу беларусаў, гучалі песні, вершы, прыпеўкі, ладзіліся гульні і танцы, з гледачамі была праведзена цікавая віктарына, з якой прысутныя даведаліся, як з Паўднёвай Амерыкі бульба трапіла ў Еўропу, а потым і на беларускія землі.

У аграгарадку Германавічы “Бульбяны фэст” праходзіў вось ужо трэці раз. Разам з Адай Эльеўнай і яе сябрамі цікавы фестывыль у гэтым годзе арганізавалі і правялі прадстаўнікі раённага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы”. У ліку гасцей, якія прысутнічалі на свяце, удзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, аб’яднанняў “Стараверскія страпухі” і “Калядзіца”, госці з Шаркаўшчыны, Лужкоў, Браслава, Глыбокага і Мінска.

— З вялікім задавальненнем наведаў “Бульбяны фэст” у Германавічах, — адзначыў госць з Браслава Леанід Лаўрыновіч, які на свяце выканаў некалькі песень пад гітару. — Мне прыемна да вас прыязджаць, размаўляць на роднай мове. Бо пераважная большасць удзельнікаў “Бульбянога фэсту”, калі не сказаць усе, размаўляюць менавіта па-беларуску. Шкада, што ў паўсядзённым жыцці беларусаў роднай мовы засталося зусім няшмат. А “Бульбяны фэст” — магчымасць гэта выправіць, свята для ўсіх, хто імкнецца захаваць беларускую мову і культуру.

Шмат цёплых слоў у адрас арганізатараў мерапрыемства прагучала і ад іншых удзельнікаў свята. І які ж “Бульбяны фэст” без дэгустацыі традыцыйных і незвычайных страў з бульбы? Кожны з гасцей прыгатаваў на свята сваю страву з бульбы. Побач з імправізаванай сцэнай дзве гаспадынькі смажылі дранікі для ўсіх гасцей урачыстасці. А завяршылася мерапрыемства за вялікім агульным сталом, з песнямі, цікавымі размовамі, конкурсамі і гульнямі.

Для іншых народаў беларусы цікавыя сваёй адметнай культурай, мовай, традыцыямі — усім тым, чым мы не падобныя да іншых. І менавіта ў Германавічах, па словах Ады Эльеўны Райчонак, тры гады назад “Бульбяны фэст” прайшоў упершыню. Потым гэту ідэю падтрымалі і сталі праводзіць і ў іншых вёсках, пасёлках і гарадах. І гэта правільна. Добрыя традыцыі павінны распаўсюджвацца, а значыць “Бульбяному фэсту” быць, як і самой бульбе на стале ў кожнай беларускай сям’і.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

IMG_3971 (Копировать) IMG_3978 (Копировать)IMG_3987 (Копировать) IMG_4000 (Копировать) IMG_4009 (Копировать) IMG_4018 (Копировать) IMG_4022 (Копировать) IMG_4042 (Копировать) IMG_4066 (Копировать) IMG_4083 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *