Сапраўдным святам для жыхароў вёсак Шыці і Лонскія стаў прыезд калектыву мастацкай самадзейнасці ветэранаў “Душэўная ўтульнасць”. Пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Галіны Сафончык у складзе аматарскага аб’яднання перад гледачамі выступілі Валянціна Сякеркіна, Тамара Агараднічук, Таццяна Хіхіч, Алена Бейнаровіч, Рэгіна Макяёнак і Марына Зубко. Вяскоўцы атрымалі вялікае задавальненне ад канцэрта і адзначылі, што за ўвесь перыяд свайго існавання калектыў не перастае творча развівацца. Валодаючы прыгожымі галасамі, удзельніцы аматарскага аб’яднання ў сваіх песнях вядуць шчырую размову з гледачамі пра шчасце і каханне. Усё гэта надае іх выступленням тую непаўторную атмасферу, якая абуджае ў слухачах пачуццё далучанасці да чароўнага свету музыкі. Лірычнасць і сардэчнасць выканання, уменне трымацца на сцэне, майстэрства, якое прыходзіць з гадамі — усё гэта садзейнічае паспяховаму выступленню жаночага калектыву. Нікога не пакінулі раўнадушным і жартаўлівыя песні жанчын, якія ўзнялі людзям настрой і павесялілі ўдзячную публіку. Выступленне “Душэўнай утульнасці” — калектыву, які ўжо не аднойчы выступаў у розных населеных пунктах нашага раёна, — гэта заўсёды свята для людзей, а яшчэ сапраўднае ўпрыгожванне ўсіх канцэртных праграм.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
