Ранішняе надвор’е першага вераснёўскага дня хоць і было крыху халаднаватае, але пакрысе яго сагравалі яркія промні ўзыходзячага сонца. З шыкоўнымі букетамі ў руках, з рукзакамі і партфелямі крочылі, па-святочнаму апранутыя, хлопчыкі і дзяўчынкі на першы школьны званок у навучальныя ўстановы па вуліцах гарадскога пасёлка. Пажаўцелым лістком верасень абвясціў пра пачатак новага навучальнага года.
На ўрачыстую лінейку, прысвечаную святу першага званка, у Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 1 прыйшлі вучні, іх бацькі, родныя, сябры і знаёмыя. Сярод запрошаных гасцей былі старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 224 філіяла 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” Галіна Іванаўна Бондар, дырэктар ДБУ-26 Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў, намеснікі начальніка Шаркаўшчынскага РАУС і РАНС Андрэй Мікалаевіч Нікалаеў і Сяргей Васільевіч Крыўко, дырэктары ААТ “Агратэхсэрвіс” і “Даватарскі” Міхаіл Барысавіч Кавалёнак і Мікалай Антонавіч Атопкін.
— Дарагія дзеці, — звярнуўся да прысутных дырэктар школы Сяргей Рафаілавіч Ганебны, — сёння для вас пачынаецца новы навучальны год. Мы, настаўнікі, вельмі хочам, каб вы на занятках праявілі сваю настойлівасць, уменні, працавітасць у авалоданні школьнымі прадметамі. На працягу ўсяго навучальнага года вас чакаюць цікавыя і пазнавальныя ўрокі, захапляльныя заняткі на любы густ.
Сяргей Рафаілавіч уручыў граматы дзевяцікласнікам, якія ў мінулым навучальным годзе вызначыліся паспяховай вучобай і прыкладнымі паводзінамі.
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, звяртаючыся да школьнікаў, пажадаў ім мэтанакіравана напаўняць свой багаж ведамі, каб у хуткім будучым стаць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. Кіраўнік раёна ўручыў школе падарачны сертыфікат на атрыманне сталовага, кухоннага посуду і інвентару.
Госці свята, якія завіталі на першы званок у СШ № 1, таксама прыйшлі не з пустымі рукамі. Дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” М. Б. Кавалёнак падарыў навучальнай установе халадзільнік, а кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Даватарскі” М. А. Атопкін — бензакасу.
На працягу мінулага навучальнага года Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях краіны сярод вучняў праводзіўся конкурс “Спасатели глазами детей”, удзел у якім прынялі і школьнікі з СШ № 1 гарадскога пасёлка. Некаторыя вучні сталі прызёрамі гэтага конкурсу. Намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС С. В. Крыўко ўручыў пераможцам дыпломы і грашовыя прэміі.
Сёлета ў сярэдняй школе № 1 будуць навучацца 659 дзяцей. Упершыню сядуць за парты 69 хлопчыкаў і дзяўчынак. Менавіта ім, першакласнікам, старшыня райвыканкама, запрошаныя госці і настаўнікі ўручылі падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны А. Р. Лукашэнкі кнігу “Беларуь — мая Радзіма”.
Папоўніўся ў гэтым годзе педагагічны калектыў навучальнай установы. Сёлета пачалі сваю працу ў СШ № 1 педагог-арганізатар Юлія Віктараўна Сівіцкая, настаўніца пачатковых класаў Іна Віктараўна Шчасновіч, настаўніца хіміі і біялогіі Марына Артураўна Грыдзюшка і выхавальніца інтэрната Анна Леанідаўна Мікулан.
І вось надышоў самы хвалюючы момант святочнага мерапрыемства. Вучань 11 класа Вадзім Скопец і першакласніца Паліна Ламака залівістым і мелагучным званком абвясцілі пра пачатак новага навучальнага года.
У добры шлях, настаўнікі і вучні! Няхай у ветразі таго казачнага карабля, на якім вы адпраўляецеся ў далёкае падарожжа за новымі ведамі і адкрыццямі, заўсёды дзьме толькі спадарожны вецер!
Сяргей РАЙЧОНАК
















































