3 верасня ў нашай краіне будзе адзначацца Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

Актуальное

Галоўны інжынер Канстанцін Матэленак (справа) і кладаўшчык Андрэй Юдыцкі
Галоўны інжынер Канстанцін Матэленак (справа) і кладаўшчык Андрэй Юдыцкі

Праца занятых у гэтай галіне людзей надзвычай важная для грамадства. Ад іх дзейнасці залежыць бесперабойнасць работы ўсіх галін народнай гаспадаркі і камфортнасць жыцця грамадзян.

У Шаркаўшчынскім раёне газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз” працуюць 38 чалавек. Прадпрыемства ажыццяўляе бесперабойнае і безаварыйнае забеспячэнне прыродным і звадкаваным газам жыхароў нашага раёна. Арганізацыя таксама займаецца рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы і газаспажывання, забяспечвае газам камунальна-бытавыя прадпрыемствы і жылы фонд.

— Агульная працягласць сеткі, па якой падаецца прыродны газ, складае 90 кіламетраў, — кажа нам дырэктар прадпрыемства Эдвард Эдвардавіч Вялічка. — Прыродны газ падведзены больш чым да 2000 абанентаў. З кожным годам колькасць домаўладанняў, да якіх падводзіцца прыродны газ, павялічваецца. Прыкладна 8000 абанентаў карыстаюцца звадкаваным газам у балонах, які дастаўляецца спажыўцам спецтранспартам. На абслугоўванні арганізацыі маецца прыкладна 300 ацяпляльных катлоў.

За спраўнасцю абсталявання і бесперабойнай падачай прыроднага газу карыстальнікам назірае спецыяльна створаная аварыйная выратавальная служба. Дзякуючы яе работнікам пазаштатных сітуацый на газапровадзе ў нас няма.

У цяперашні час сярод насельніцтва раёна праводзім рэгістрацыю ўстановак, якія працуюць на звадкаваным газе. Складаем двухбаковыя дамоўленасці з іх карыстальнікамі. Гэта, у першую чаргу, накіравана на бяспеку нашых грамадзян. Спецыялісты арганізацыі праводзяць увесь патрэбны комплекс работ па замене балонаў і кантролі за правільным карыстаннем газавай устаноўкай. Таксама сочым за спраўнасцю газавых пліт, выпісваем рэкамендацыі па іх замене, калі тэрмін эксплуатацыі закончаны. Нярэдка ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі. У такіх выпадках нашы спецыялісты праводзяць платную дыягностыку газавых пліт. У выніку іх поўнай спраўнасці дазваляем карыстацца плітамі на працягу яшчэ трох-чатырох год.

Кантралёр Таццяна Белавус
Кантралёр Таццяна Белавус

Штат работнікаў нашай арганізацыі вопытны і кваліфікаваны, хоць немалая яго частка — гэта маладыя спецыялісты. З лепшага боку зарэкамендавалі сябе прыёмшчыца заказаў Алена Міхайлаўна Неміровіч і кантралёр уліку прыроднага і звадкаванага газу Таццяна Генрыхаўна Белавус. Слоў удзячнасці за працу заслугоўваюць і іншыя члены калектыву.

Прыёмшчыца заказаў Алена Неміровіч
Прыёмшчыца заказаў Алена Неміровіч

З нагоды Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці ўзнагароджаны шэраг працаўнікоў арганізацыі. Званне “Ветэран прадпрыемства” прысвоена вадзіцелю Ігару Львовічу Краснікаву. Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз” узнагароджаны вадзіцель Андрэй Мікалаевіч Міларадаў. Падзяка УП “Віцебскаблгаз” уручана кантралёру Людміле Іванаўне Паўловіч. На Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз” занесены кантралёр Таццяна Генрыхаўна Белавус. Ганаровай граматай філіяла “Браслаўгаз” узнагароджаны слесар аварыйна-аднаўленчых работ Уладзімір Віктаравіч Кобелеў. Падзякі філіяла “Браслаўгаз” уручаны прыёмшчыкам заказаў Леаніле Віктараўне Станюленіс, Леаніду Станіслававічу Лагуну і Андрэю Уладзіміравічу Жыжыкіну. На Дошку гонару філіяла “Браслаўгаз” занесены прыёмшчыкі заказаў Алена Міхайлаўна Неміровіч і Ірына Віктараўна Вялічка.

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць сваім калегам і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, здароўя, аптымізму, дабрабыту. Спадзяюся, што арганізацыя наша будзе развівацца і мацнець.

Сяргей РАЙЧОНАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *