Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ірэны Францаўны Бука 31 жніўня адбылося пасяджэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. Члены камісіі ў гэты дзень абмеркавалі тры пытанні, у ліку якіх разгляд пратакола каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Шаркаўшчынскім раёне ад 30.06.2017 г. Другое пытанне — аб прымаемых мерах па скарачэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна, трэцяе — абранне сакратара камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.
На пасяджэнні было адзначана, што за мінулы перыяд 2017 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 6 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, усе яны адносяцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў. Рэзультаты нагляднай дзейнасці сведчаць аб тым, што найбольш схільнымі да карупцыі з’яўляюцца сферы будаўніцтва, а таксама органаў дзяржкіравання.
Таксама праваахоўнымі органамі рэгіёну выяўляліся факты парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб дзяржаўных закупках, у выніку чаго неабгрунтаваная перавага была прадастаўлена асобным суб’ектам гаспадарання.
Прычынамі здзяйснення службовымі асобамі раёна карупцыйных злачынстваў з’яўляюцца недастатковы ўзровень прафесіянальнай падрыхтоўкі адказных службовых асоб, невыкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства, а ўмовамі, што садзейнічаюць здзяйсненню злачынстваў названай катэгорыі, стаў аслаблены кантроль, у тым ліку і з боку кіраўнікоў. З мэтай устаранення адзначаных недахопаў, забеспячэння належнага ўзаемадзеяння зацікаўленых службаў па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічным злачынствам прадстаўнікамі камісіі былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Новым сакратаром камісіі па супрацьдзеянні карупцыі стаў Дзмітрый Віктаравіч Зеляпужын — галоўны спецыяліст упраўлення спраў райвыканкама.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
