Вялікае свята ў Вялікім Сяле

Актуальное

IMG_8232Вёска мая — непаўторны мой край,

Для душы і для сэрца адзіны.

Вёска мая, з табой радасць дзялю і адчай,

І ўзлётаў хвіліны.

Сёлета ў шматлікіх населеных пунктах нашага раёна работнікі ўстаноў культуры ладзілі святы аграгарадкоў і вёсак. Праходзілі яны, у асноўным, летам. А вось у аграгарадку Вялікае Сяло вырашылі скарыстаць рэдкія пагодныя дні верасня, каб адзначыць свята свайго населенага пункта.

Як і звычайна, культурна-масавыя мерапрыемствы тут праходзяць на адкрытай пляцоўцы каля клуба. А дванаццатай гадзіне дня пачалі паступова збірацца па-святочнаму апранутыя вяскоўцы. Дружнымі гуртамі беглі з усмешкамі на тварах дзеці, павольным крокам падыходзілі людзі старэйшага ўзросту. Не так і часта ў паўсядзённым жыцці адбываюцца святочныя мерапрыемствы, таму велікасельцы з ахвотай сабраліся на свята аграгарадка, каб пагутарыць паміж сабой, паслухаць добрыя песні і музыку.

Арганізатары свята паклапаціліся, каб у кожнага прысутнага быў узнёслы, добры настрой. Для дзяцей працавалі паветраныя атракцыёны, прадаваліся салодкія пачастункі і цацкі. Работнікі мясцовага магазіна прапаноўвалі кандытарскія вырабы, шматлікую выпечку, сокі і квас.

Сёлета самаму старэйшаму жыхару Вялікага Сяла Уладзіміру Васільевічу Бруйку споўнілася 93 гады. Мужчына па стане здароўя не змог прысутнічаць на свяце, але самадзейныя артысты праспявалі для яго песню, а праз родных перадалі Уладзіміру Васільевічу падарунак.

Нягледзячы на тое, што з кожным годам вёска старэе, памяншаецца колькасць жыхароў, сёлета у Вялікім Сяле на свет з’явіўся хлопчык Міша Шашок. Гэту падзею арганізатары не абмінулі сваёй увагай і падарылі для самага маленькага жыхара салодкі пачастунак.

Сям’я лічыцца адной з самых старажытных і вялікіх чалавечых каштоўнасцяў. Вернасць, каханне, выхаванне дзяцей з’яўляюцца самымі трывалымі асновамі сямейнага шлюбу. У гэтым годзе ў Вялікім Сяле звязалі свае лёсы ў адзін Дзяніс і Анна Лесевы.

Хараство вясковых падворкаў ствараюць сваімі працавітымі рукамі іх гаспадары. Прыемна бачыць, як каля сядзіб цвітуць прыгожыя кветкі, растуць пладовыя і дэкаратыўныя дрэвы і кусты. На свяце былі адзначаны гаспадары дамоў — Фама Ульянавіч Брылёў і Вера Канстанцінаўна Морхат. Іх сядзібы прызнаныя самымі лепшымі.

Гэты год аказаўся багатым на юбілеі. Ажно 15 чалавек ужо адзначылі і яшчэ адзначаць свае юбілейныя дні нараджэння. Вядучыя свята называлі кожнага з іх, запрашалі на сцэну, дарылі кветкі і вясёлыя песні.

У другім, музычным, блоку павіншаваць сваіх аднавяскоўцаў са святам прыехала былая жыхарка аграгарадка Алеся Русецкая. Шмат лірычных, вясёлых і душэўных песень падарылі велікасельцам удзельнікі гурта “Душа” Радзюкоўскага СДК Анна Іванкіў, Уладзімір Радзюк і Валянціна Лазарэц. Гучалі таксама песні ў выкананні загадчыка Пялікаўскага СДК Уладзіслава Спецыуса. Спадабалася прысутным гледачам і выступленне ўдзельнікаў узорнага цыркавога калектыву “Мара” раённага Цэнтра культуры.

Канечне, свята было б не поўным, каб не спонсарская дапамога з боку мясцовага сельгаспрадпрыемства. Дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ “Агратэхсэрвіс” былі набыты кандытарскія вырабы для самых актыўных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, юбіляраў, пераможцаў конкурсаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_8213 IMG_8215 IMG_8221 IMG_8224 IMG_8226 IMG_8228 IMG_8234 IMG_8237 IMG_8242 IMG_8246 IMG_8247 IMG_8251 IMG_8252 IMG_8260 IMG_8266 IMG_8270 IMG_8273 IMG_8281 IMG_8290 IMG_8295 IMG_8300 IMG_8302 IMG_8304 IMG_8306 IMG_8308 IMG_8309 IMG_8319 IMG_8322 IMG_8323 IMG_8329 IMG_8338 IMG_8339 IMG_8348



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *