Прафесія вечная — бібліятэчная. Юбілейным вечарам «На хвалях нашай памяці» бібліятэкары раёна адзначылі сваё прафесійнае свята

Актуальное

IMG_8113 (Копировать)У старажытным Егіпце сховішчы  кніг называлі “Дамамі папіруса”, “Дамамі жыцця” і будаваліся яны, звычайна, пры палацах і храмах. Гісторыкі сцвярджаюць, што самай старажытнай была бібліятэка Рамзеса II. Гэта вялікае кнігасховішча было заснавана прыкладна ў  1300 годзе да нашай эры. Ля ўвахода, аздобленага золатам, быў высечаны надпіс “Аптэка для душы”.

У тыя часы егіпцяне супастаўлялі кнігу  з лякарствам, што робіць розум чалавека больш моцным, а душу – высакароднай. Вялікае значэнне бібліятэкі маюць  і ў нашым сучасным жыцці. І менавіта ў бібліятэках раёна заўсёды ў цікавай і пазнавальнай форме дзеці знаёмяцца з “яе Вялікасцю кнігай”.

У сярэдзіне верасня сваё прафесійнае свята – Дзень бібліятэк і 40-годдзе з моманту цэнтралізацыі  Шаркаўшчынскай бібліятэчнай сістэмы адзначылі бібліятэчныя работнікі  раёна. На юбілейным вечары, які меў назву “На хвалях нашай памяці”, усе яны сабраліся разам, каб узгадаць гісторыю нашых бібліятэк , а таксама падзякаваць усім  цудоўным, творчым і абаяльным жанчынам, якія працавалі раней і працуюць зараз у бібліятэчных установах  шаркаўшчынскага краю.

Дзякуючы Летапісу ЦБС  і слайдам электроннай прэзентацыі ўсе прысутныя з задавальненнем акунуліся ў мінулае і ўспомнілі нядаўнія падзеі з бібліятэчнага жыцця раёна. Асобна былі адзначаны бібліятэкі-юбіляры: Більдзюжская, Зоркаўская, Іёдская, Радзюкоўская, Ручайская бібліятэкі, якія адзначылі 65 год з моманту свайго заснавання і Васюкоўская бібліятэка, якая была створана 60 год назад. Бібліятэкары гэтых устаноў атрымалі ў падарунак пакаёвыя кветкі і памятныя падзякі. Вясёлым дапаўненнем да свята стала тэатралізаванае бібліятэчнае шоў “Адзін дзень з жыцця ЦБС”, у якім прынялі ўдзел практычна ўсе бібліятэкары раёна.

У падарунак ад работнікаў раённага Цэнтра культуры бібліятэкары атрымалі відэафільм  “Шаркаўшчынская ЦБС – сёння”, а ад кіраўніцтва аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – сертыфікат на пакупку кніжных выданняў на суму 300 рублёў.

Валянціне Эдуардаўне Касевіч, якая адпрацавала на пасадзе дырэктара ЦБС амаль 20 год, уручылі на памяць электронны абанемент, срок дзеяння якога – сто год. Словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў бібліятэчнай справы:  Зоі Уладзіміраўны Кавінька, Валянціны Эдуардаўны Касевіч, Цыцыліі Бярнардаўны Кундра, Клемянціны Антонаўны Латышонак, Людмілы Карнееўны Мацкевіч, Алы Міхайлаўны Пугаўка, Марыі Людвігаўны Талапіла, Ларысы Аляксандраўны Чарняўскай і Паліны Аляксандраўны Чарняўскай.

На працягу ўсёй святочнай праграмы ў цэнтры ўвагі былі людзі, якія стаялі ў вытокаў стварэння і развіцця цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы , а таксама сучасная каманда спецыялістаў. Дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС Алена Цімафееўна Фромертас павіншавала ўвесь калектыў са святам і падзякавала ўсім супрацоўнікам за іх працу. Бо менавіта дзякуючы іх рабоце Шаркаўшчынская ЦБС заўсёды была адметная сваімі традыцыямі і творчым падыходам да выканання прафесійных абавязкаў. А таму на мерапрыемствах, арганізаваных у бібліятэках нашага раёна, заўсёды шматлюдна.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_8096 (Копировать) IMG_8115 (Копировать) IMG_8128 (Копировать) IMG_8136 (Копировать) IMG_8140 (Копировать) IMG_8156 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *