30 верасня беларусы, як і валанцёры з многіх іншых краін свету, выйшлі на ўборку ў межах акцыі “Зробім!”. Названая акцыя — гэта беларуская частка сусветнай кампаніі, якая сёння аб’ядноўвае мільёны людзей, што імкнуцца ачысціць прыроду ад смецця і забяспечыць устойлівую чысціню на нашай планеце. Мэта такой акцыі – прыцягнуць людзей да ўборкі несанкцыянаваных звалак смецця ў лесах, на берагах рэк і азёр, у парках і скверах, месцах адпачынку і асабліва там, куды не дабіраюцца камунальныя службы. Акцыя “Зробім” – дабраахвотная, яна не мае адзінага каардынатара, гэта значыць, што кожны можа арганізаваць свой суботнік разам з сям’ёй, сябрамі ці калегамі, або далучыцца да тых, хто ўжо праводзіць уборку.
У нашым гарадскім пасёлку самыя актыўныя ўдзельнікі сусветнага экалагічнага руху – вучні і настаўнікі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2.
На працягу апошніх трох гадоў юныя эколагі з гэтай навучальнай установы не проста ачышчаюць забруджаныя тэрыторыі ад смецця, але і нагадваюць шаркаўчанам аб тым, што чалавек нясе адказнасць за прыроду, якая яго акружае. Шмат карысных спраў дзеці паспелі зрабіць і ў гэтым годзе. А ў апошнія дні верасня яны ачысцілі ад смецця і навялі парадак на тэрыторыі сквера ля плошчы 1 мая ў нашым гарадскім пасёлку, усклалі кветкі да памятнага знака Герою Савецкага Саюза Раману Сцяпанавічу Кудрыну. Ініцыятарамі правядзення акцыі “Зробім” ў Шаркаўшчынскай СШ № 2 выступілі настаўніца біялогіі Аксана Паўлаўна Пачэпка і настаўніца працоўнага навучання Таццяна Генадзьеўна Гернат.







