У Шаркаўшчынскі раённы вузел электрасувязі Дзмітрый Дзяменцьевіч Цыркін прыйшоў працаваць 41 год назад, з іх больш чым два дзясяткі гадоў ён узначальваў калектыў сувязістаў. А 29 верасня, адпрацаваўшы апошні дзень, перадаў абавязкі начальніка Шаркаўшчынскага РВЭС свайму маладому пераемніку, новаму кіраўніку Яўгену Валер’евічу Бялевічу. На ўрачыстым сходзе, які праходзіў у панядзелак у падначаленым яму калектыве, Дзмітрый Дзяменцьевіч падзякаваў усім супрацоўнікам арганізацыі за гады сумеснай адказнай работы, павіншаваў новага кіраўніка з назначэннем, пажадаў яму поспехаў і столькі ж гадоў адпрацаваць у калектыве работнікаў сувязі нашага гарадскога пасёлка, як і ён сам.
Д. Д. Цыркін у свой час прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы: ад электраманцёра, начальніка ўчастка, начальніка цэха, да начальніка раённага вузла электрасувязі.Чатыры дзесяцігоддзі прамільгнулі як адзін дзень, паступова набываліся прафесіяналізм, вопыт і майстэрства. Мужчына ўсё жыццё адпрацаваў у адной арганізацыі і ніколі не шкадаваў, што выбраў для сябе менавіта такі шлях. Ён нарадзіўся ў нашым раёне ў сям’і працаўнікоў сяла. Закончыў Віцебскі тэхнікум электрасувязі і на працягу года працаваў па размеркаванні ў Омску, пасля чаго вярнуўся ў Шаркаўшчыну і пачаў сваю работу ў сістэме электрасувязі . З той пары мінула ўжо 40 гадоў і сёння, дзякуючы дзейнасці гэтага кіраўніка і ўсяго падначаленага яму калектыву, шаркаўчане і ўсе жыхары раёна кожны дзень атрымліваюць магчымасць карыстацца поўным спектрам сучасных і даступных паслуг электрасувязі, сярод якіх тэлефонная сувязь, доступ у сетку Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне, шмат чаго іншага. Дзякуючы бесперабойнай рабоце ўсяго калектыву спецыялістаў Шаркаўшчынскага РВЭС жыхары раёна атрымалі магчымасць заўсёды заставацца на сувязі, быць у зоне доступу і ў курсе падзей. Плённая і рэзультатыўная праца шаркаўшчынскіх сувязістаў не засталася незаўважанай. Шмат узнагарод атрымаў і сам кіраўнік: званні “Ганаровы работнік сувязі Беларусі”, «Чалавек года Віцебшчыны», “Чалавек года Шаркаўшчыны”, ганаровыя граматы і дыпломы рознага ўзроўню толькі некаторыя з іх . Вось і на сходзе 2 кастрычніка Ганаровую грамату Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” Дзмітрыю Дзяменцьевічу ўручыў дырэктар гэтага філіяла Дзмітрый Васільевіч Казак. Разам з галоўным энергетыкам Віцебскага філіяла Альбертам Мікалаевічам Серадой і кіраўнікамі раённых вузлоў электрасувязі Пастаўскага , Глыбоцкага, Лепельскага і Браслаўскага раёнаў дырэктар абласнога філіяла прыехаў у наш гарадскі пасёлак, каб падзякаваць Дзмітрыю Дзяменцьевічу Цыркіну за шматгадовую добрасумленную працу, а таксама за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і значны асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне сувязі ў нашай краіне.


