29 кастрычніка супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначылі свой юбілей – 65 год са дня ўтварэння службы. Урачысты сход з гэтай нагоды адбыўся ў Шаркаўшчынскім аддзяленні Дэпартамента аховы, дзе на сённяшні дзень працуюць звыш 50 чалавек. У іх ліку 22 супрацоўнікі міліцыі, 5 дзяжурных пульта кіравання, 7 электраманцёраў, 14 вартаўнікоў і грамадзянскі персанал аддзела.
Пазаведамасная ахова ў наш час – адно з найбольш значных і моцных структурных падрадзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў.Сама ж структура была створана ў напружаны пасляваенны перыяд, у 1952 годзе, калі ўзнікла патрэба ў прафесіянальнай і надзейнай ахове.
На тэрыторыі нашага гарадскога пасёлка аддзяленне пазаведамаснай аховы пры Шаркаўшчынскім РАУС было адчынена ў сакавіку 1989 года і пасля двух рэарганізацый ў лютым 2004 года перайменавана ў Шаркаўшчынскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Калектыў службы аховы ў нашым гарадскім пасёлку ў розныя гады яе існавання ўзначальвалі Уладзімір Анатольеывіч Шальц, Віктар Васільевіч Свяцкі, Юрый Іосіфавіч Стральчонак. З 2004 года і да цяперашняга часу начальнікам Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы з’яўляецца Васілій Васільевіч Марозаў.
У бягучым годзе на тэрыторыі раёна пад аховай знаходзяцца 264 аб’екты розных форм уласнасці. Запатрабаваны паслугі службы і за межамі раённага цэнтра. Пад надзейнай аховай — 37 аб’ектаў у сельскай мясцовасці, у ліку якіх магазіны, аптэкі, адміністрацыйныя пабудовы.
Любая служба – гэта перш за ўсё людзі, якія працуюць дзеля дасягнення агульнай мэты. Для супрацоўнікаў Дэпартамента аховы гэта мэта гучыць годна: “Надзейнасць. Бяспека. Прафесіяналізм”.Вось і на ўрачысты сход у Шаркаўшчынскае аддзяленне Дэпартамента аховы былі запрошаны людзі, без якіх немагчыма ўявіць названую службу. Гэта не толькі дзеючыя супрацоўнікі міліцыі і грамадзянскі персанал аддзялення, а і ветэраны – незамянімыя памочнікі для сваіх маладых калег, якія па-ранейшаму не губляюць сувязі са сваім калектывам , якому прысвяцілі не адзін год свайго жыцця і пайшлі на заслужаны адпачынак. Шчырыя словы ўдзячнасці за шматгадовую працу начальнік Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы Васілій Васільевіч Марозаў адрасаваў ветэранам службы: Анатолію Уладзіміравічу Шальцу, Юрыю Іосіфавічу Стральчонку, Аляксандры Міхайлаўне Бакуневіч, Аляксандру Уладзіміравічу Страленка, Любові Міхайлаўне Страленка, Аляксандру Міхайлавічу Арэхаву, Расціславу Георгіевічу Качану, Чаславу Васільевічу Пугаўка, Алегу Георгіевічу Сікора, Васілію Васільевічу Касцючэнка, Іі Алегаўне Бондар і Ірыне Гіляраўне Белавус.Напярэдадні юбілейнай даты ўсе ветэраны атрымалі грашовыя прэміі, а лепшыя супрацоўнікі калектыву – узнагароды.
За праяўленую прафесіянальную ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы Падзякай начальніка Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшы лейтэнант міліцыі, старшы інспектар-інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Сяргей Сяргеевіч Цыркін. За ўмелыя і прафесіянальна граматныя дзеянні, высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці і ў сувязі з 65-годдзем са дня ўтварэння службы аховы МУС Падзякай начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама адзначаны электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі групы сродкаў і сістэм аховы Дзмітрый Сяргеевіч Цітовіч.
З юбілейнай датай са дня ўтварэння службы аховы калектыў Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы павіншавалі начальнік аддзялення Васілій Васільевіч Марозаў і першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАУС Аляксандр Уладзіміравіч Раманоўскі. Падчас урачыстага сходу супрацоўнікам аддзялення Дэпартамента аховы быў прадэманстраваны фільм Віцебскага абласнога упраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь пра дзейнасць іх службы і ўсіх яе падраздзяленняў, якія дзякуючы дзейнасці ўсіх сваіх супрацоўнікаў з годнасцю выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі.