Маладосць лічыцца самым цудоўным перыядам у жыцці: чалавек поўны сіл і энергіі, яму любая справа па плячы. Вельмі важна, калі юнак ці дзяўчына робяць першыя крокі ў самастойнае жыццё, падтрымаць іх добрым словам, падставіць плячо ў складанай сітуацыі. Шаркаўшчынскія медыкі гэта добра разумеюць і дапамагаюць маладым калегам асвоіцца ў працоўных калектывах, пазнаёміцца з прафесійнымі абавязкамі, перадаюць прафесійныя навыкі, даюць парады.
Цэнтральная раённая бальніца сёлета зноў падтрымала традыцыю — ушаноўваць сваіх маладых спецыялістаў на Дні пасвячэння ў прафесію.
Ініцыятарамі мерапрыемства выступіла адміністрацыя ўстановы аховы здароўя сумесна з прафсаюзным камітэтам цэнтральнай раённай бальніцы. Так, калектыў Шаркаўшчынскай ЦРБ сёлета папоўніўся 15 маладымі спецыялістамі: двума ўрачамі, адзінаццаццю медыцынскімі сёстрамі, адным фельчарам і адным зубным фельчарам. Так, на варце здароўя шаркаўчан сталі ўрач-хірург Анастасія Пух і ўрач-тэрапеўт Аляксандр Рымдзёнак, зубны фельчар Валерыя Прыстаўка і фельчар Юлія Тарарака.
Перад маладымі спецыялістамі выступіў галоўны ўрач установы аховы здароўя “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіслаў Тадэвушавіч Стома:
— Дарагія маладыя спецыялісты! У вас ёсць выдатная магчымасць працаваць побач з надзейнымі і вопытнымі настаўнікамі, сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, перад вамі адкрылася дарога да прафесійнага і кар’ернага росту, на якой трэба будзе пераадолець нямала складанасцяў, вырашыць мноства задач. Прымаючы маладых спецыялістаў у нашы шэрагі, спадзяемся на добрасумленную працу, непадробную цікавасць да працы, плённую прафесійную дзейнасць на доўгі тэрмін і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці нашай установы.
Нішто так не натхняе, як магчымасць паказаць сябе асобай таленавітай, мэтанакіраванай, таму вядучыя мерапрыемства медсястра Галіна Ласоўская і бухгалтар, а таксама спецыяліст па рабоце з моладдзю Юлія Лук’янёнак адразу прадставілі спецыялістаў. Кожны з іх расказаў крыху пра сябе, пра тое, як стаў медыкам і трапіў сюды на работу. Хтосьці падрыхтаваў песню, нехта — сцэнку або відэапрэзентацыю пра пачатак працоўнай дзейнасці. Ды і аматараў прадэкламаваць вершы было нямала. Моладзь дэманстравала свае шматлікія таленты, а прысутныя падбадзёрвалі іх апладысментамі.
Варта сказаць, што і ўменне адшукаць агульную мову з пацыентамі, і веды, набытыя за гады вучобы, не засталіся ў той дзень па-за ўвагай старэйшых калег. Кожны з маладых стараўся паказаць сябе найлепшым чынам: дзе сур’ёзна, а дзе і жартам.
Затым вядучыя запрасілі жадаючых прыняць удзел у вясёлай сцэнке, якая падняла настрой гледачам.
З найлепшымі пажаданнямі да сваіх маладых калег звярнулася ўрач-нарколаг, адна з прафсаюзных лідараў медустановы Карына Васільеўна Галай. Яна павіншавала моладзь, якая папоўніла калектыў новымі сіламі і энергіяй, з уступленнем у прафесію.
— Праца медыцынскага работніка вельмі адказная, і калі вам будзе складана ў вашай дзейнасці і не толькі, калі вам спатрэбіцца дапамога, вы заўсёды можаце звярнуцца да прафсаюза. Разам мы можам дасягнуць многага, — зазначыла яна і ўручыла падарункі і кветкі маладым спецыялістам.
Канцэртная праграма ўключала песенныя нумары, якія падрыхтавала медсястра Святлана Машнюк, і гульню “Угадай мелодыю”, у якой сярод 15 каманд перамогу атрымалі прадстаўнікі Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі.
У канцы мерапрыемства галоўны ўрач уручыў прадстаўнікам аддзяленняў ЦРБ салодкія падарункі.
Будзем спадзявацца, што абранай сцяжынцы маладыя спецыялісты застануцца вернымі на ўсё жыццё. І толькі час пакажа, наколькі апраўдана кожны з іх выбраў адну з важнейшых прафесій.
Здароўе — найкаштоўнейшы дар. Здаровы чалавек, як вядома, самы шчаслівы. Быць на варце здароўя людзей закліканы медыкі — няхай у маладых спецыялістаў усё і заўсёды атрымліваецца.
Алена АНАНІЧ.






















