Згадзіцеся, складана знайсці дзяцей, якія б не цікавіліся пажарнай тэхнікай і мужнай прафесіяй выратавальнікаў. А таму падчас восеньскіх канікул найлепшым падарункам для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў нашым гарадскім пасёлку стала наведванне тэрыторыі Шаркаўшчынскага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Цікавую пазнавальную экскурсію для хлопчыкаў і дзяўчынак правёў намеснік начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце, маёр унутранай службы Сяргей Васільевіч Крыўко, які расказаў маленькім выхаванцам цэнтра пра вельмі адказную службу выратавальнікаў і асаблівасці гэтай няпростай прафесіі , прадэманстраваў пажарную тэхніку, аварыйна-выратавальны інструмент і спецаддзенне супрацоўнікаў РАНС. Дзеці ўважліва сачылі за ўсімі дзеяннямі супрацоўнікаў пажарнай службы, ад якіх даведаліся, як працуе спецтэхніка на пажарах, прымералі на сябе элементы форменнага абмундзіравання. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзякавалі супрацоўнікам РАНС, і асабліва Сяргею Васільевічу Крыўко, за цікавую экскурсію і паабяцалі заўсёды выконваць правілы пажарнай бяспекі.
Застаецца толькі дадаць, што дзеці – частыя госці ў шаркаўшчынскіх выратальнікаў, бо сярод комплексу мерапрыемстваў па абароне насельніцтва асаблівая роля надаецца менавіта навучанню грамадзян правільным дзеянням падчас узнікнення надзвычайных сітуацый. Вялікае значэнне пры гэтым мае выхаванне падрастаючага пакаленне , а таксама папулярызацыя прафесіі выратавальнік.

