На малочнатаварнай ферме “Цэнтр” КУВСП “Гарадзец” на дарошчванні цялят працуе Ганна Сідаронак. Жанчына мае 25-гадовы стаж у жывёлагадоўлі. Яе багаты вопыт, прафесіяналізм і адказныя адносіны да даручанай справы спрыяюць таму, што прывагі цялят з кожным месяцам павышаюцца, а падзеж адсутнічае наогул.
— У чым сакрэт вашага працоўнага поспеху? — спыталі мы ў жанчыны.
— Ніякіх сакрэтаў тут няма, — адказала Ганна. — У маім гурце 57 цялят, якія трапляюць да нас ад кароў з самага нараджэння і знаходзяцца тут на працягу трох тыдняў. За цялятамі трэба пільна сачыць, своечасова карміць. У рацыёне, дарэчы, толькі якасныя кармы. Гэта спрыяе іх хуткаму росту. Да таго ж, улетку я збіраю лекавыя расліны ў такой колькасці, каб хапіла на ўсю зіму. Адвары з іх добра ўздзейнічаюць на арганізм цялятак і засцерагаюць ад хвароб.
Па выніках працы за мінулы год Ганна Сідаронак занесена на раённую Дошку гонару. А напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі — старшыня раённага выканаўчаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ўручыў жанчыне Ганаровую грамату райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці мяса.
Сяргей РАЙЧОНАК.
