Конкурс чытальнікаў вершаў “ПаКаласімся!”, прымеркаваны да юбілею беларускіх песняроў

Актуальное

135У кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. У нас, беларусаў, гэта Янка Купала і Якуб Колас, якім сёлета споўнілася 135 год.

Не абышлі ўвагай юбілеі выдатных народных паэтаў і бібліятэкі Шаркаўшчынскага раёна. 29 лістапада сярод работнікаў нашай сістэмы адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў пад назвай “ПаКаласімся!”. За права стаць лепшымі змагаліся не толькі бібліятэкары, але і актыўныя чытачы.

Незабыўнае ўражанне пакінула інсцэніроўка верша “Першы заробак” Якуба Коласа, з тэатралізацыяй якога бібліятэкарам Лужкаўскай бібліятэкі дапамаглі Данік Калесніковіч (выконваў ролю хлопчыка Алеся) і Сяргей Гамановіч (выступіў у ролі бацькі). А як прыемна гучаў верш “Ручэй” Якуба Коласа ў выкананні бібліятэкара Верацееўскай бібліятэкі Ларысы Мядзелец, украінкі па нацыянальнасці.

Уразіў сваім выступленнем і калектыў раённай бібліятэкі. На суд гледачоў яны прадставілі літаратурную кампазіцыю “Поры года”. Падчас выступлення на мультымедыйнай устаноўцы дэманстраваліся слайды з выявамі малюнкаў прыроды, гучала сімфанічная музыка Пятра Чайкоўскага. Кожная ўдзельніца ў час дэкламавання верша была апранута так, якімі ў яе ўяўленні былі чарадзейка-зіма, доўгачаканая вясна, ласкавае лецейка і ўраджайная восень.

На працягу мерапрыемства гучала шмат вершаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, тэматыка якіх была самай разнастайнай.

Лія Шыпіла, бібліятэкар Дворнаўскай бібліятэкі, прысвяціла народным песнярам свой верш “Успаміны”, за што была ўзнагароджана дыпломам і сувенірам ад старшыні прафкама бібліятэчных работнікаў.

Журы, у склад якога ўваходзілі  дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Фромертас, старшыня прафкама бібліятэчных работнікаў Вера Мілянцей і бібліятэкар Германавіцкай бібліятэкі Таццяна Хоміч, доўга спрачалася, пакуль прыйшло да агульнай высновы. Першае месца ў намінацыі “Родныя вобразы” заняў калектыў Лужкаўскай бібліятэкі (загадчыца Ірына Машара), другое месца — калектыў раённай бібліятэкі (загадчыца Таццяна Райчонак), трэцяе — Ларыса Мядзелец, бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі. У намінацыі “Аб каханні, шчасці, лёсе і жыцці”  першае месца заняла Наталля Кандрацьева, бібліятэкар Дома народнай творчасці аграгарадка Буеўшчына, другое — Ларыса Мядзелец, бібліятэкар Каўшэлеўскай бібліятэкі, трэцяе — Іна Суднік, бібліятэкар Пашкоўскай бібліятэкі, астатнія ўдзельнікі  атрымалі дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Мерапрыемства пакінула шмат цікавых уражанняў. Пасля прыгожа прадэкламаваных вершаў мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што наша мова самая прыгожая і мілагучная. Лічу, што конкурс нікога не пакінуў абыякавым.

М. СУШКО,

загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Шаркаўшчынскай ЦБС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *