
Здароўе — гэта найвялікшая каштоўнасць, якую трэба берагчы і ўмацоўваць. Чым жыве сёння сфера аховы здароўя нашага раёна, яе набыткі і перспектывы, праблемы, з якімі сутыкаюцца медыкі, — гэтыя і іншыя пытанні сталі тэмай гутаркі з галоўным урачом УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіславам Тадэвушавічам СТОМАМ.
— Дзейнасць медыцынскай службы грунтуецца на самых важных аспектах у жыцці — захаванні і ўмацаванні здароўя людзей. Што зроблена ў раёне ў гэтым накірунку за мінулы год?
— Праводзіцца дыспансерызацыя жыхароў раёна. Аглядам ахоплена 99 працэнтаў насельніцтва. Прыярытэтны накірунак — дыспансерызацыя працаздольнага насельніцтва, бо менавіта з дадзенай катэгорыяй грамадзян маюць месца цяжкасці. Асабліва з асобамі, якія не працуюць і вядуць асацыяльны лад жыцця. Тут у нас галоўныя памочнікі РАУС і сельскія выканаўчыя камітэты.
Штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. У мінулым годзе набылі новае медыцынскае абсталяванне: біяхімічны аналізатар крыві ў раённую паліклініку, аналізатар кіслотна-шчолачнага саставу крыві ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы і некаторае іншае.
Да работы прыступілі маладыя спецыялісты: урач-тэрапеўт, урач-хірург, тры зубныя фельчары, папоўніліся новымі кадрамі і фельчарска-акушэрскія пункты — Верацееўскі, Дворнаўскі, Лонскі, Ручайскі і Жукоўшчынскі ФАПы.
— Акрэсліце, калі ласка, планы на бліжэйшую перспектыву? І, безумоўна, адно з самых хвалюючых для шаркаўчан пытанняў — калі адчыніць дзверы для жыхароў раёна новая бальніца?
— Увод у дзеянне палатнага корпусу і ў цэлым цэнтральнай раённай бальніцы плануецца 1 ліпеня гэтага года (крайні тэрмін — 1 кастрычніка 2012 года). Значна палепшыцца аказанне як стацыянарнай, так і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, магчымасць абследавання і лячэння хворых. Плануем у новай бальніцы адкрыць рэабілітацыйнае аддзяленне, падобнае на санаторна-курортнае, дзе хворыя, якія маюць хранічныя захворванні, змогуць прайсці адпаведнае лячэнне. Новую бальніцу плануецца дааснасціць сучасным рэнтгенаўскім, ультрагукавым, эндаскапічным абсталяваннем. Усё астатняе неабходнае абсталяванне ў нас маецца і зараз.
— З якімі праблемамі ў сваёй рабоце медыкі раёна сутыкаюцца часцей за ўсё?
— Асноўная праблема, з якой сутыкаюцца медыцынскія работнікі раёна, — гэта страта пачуцця самазахавання ў людзей. Асабліва гэта датычыцца грамадзян сярэдняга ўзросту. Менавіта на гэту катэгорыю прыпадае асноўная колькасць фактаў злоўжывання спіртным. На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзяцца 506 чалавек, на лячэбна-прафілактчным назіранні — 202. Асноўнае іх імкненне — гэта пошук алкаголю, а не захаванне жыцця. Не заўсёды і не ўсімі пацыентамі, якія маюць хранічныя захворванні, выконваюцца рэкамендацыі ўрачоў. Пэўная частка хворых лічыць захаванне ўласнага здароўя абавязкам толькі доктара, пры гэтым самі яны не прыкладваюць ніякіх намаганняў па захаванню здаровага ладу жыцця і аздараўленню ў выпадку неабходнасці.
— Немалаважную ролю ў сферы аховы здароўя ў плане яе эфектыўнасці адыгрывае аснашчэнне медустаноў сучаснай медыцынскай апаратурай. Як ідуць справы ў дадзеным аспекце?
— Як ужо адзначалася вышэй, у мінулым годзе была закуплена медыцынская апаратура для даследавання крыві, а таксама стаматалагічная ўстаноўка. Увод новага корпусу цэнтральнай раённай бальніцы дазволіць нам аснасціць яе сучасным абсталяваннем. Усяго на яго закупку будзе выдаткавана амаль 4 мільярды рублёў.
— Доўгі час пытанне забеспячэння медыцынскіх устаноў раёна ўрачэбнымі кадрамі заставалася актуальным. Якім чынам яно вырашаецца зараз?
— Пытанне забеспячэння медыцынскімі кадрамі ўстаноў аховы здароўя раёна пастаянна знаходзіцца на кантролі. З 2010 года за пазабюджэтныя сродкі УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” аплочвае вучобу ў Віцебскім медуніверсітэце будучага ўрача-тэрапеўта, які пасля яго заканчэння будзе працаваць у нашым раёне. Для зладжанай дзейнасці неабходна сем урачоў. Сёлета да работы прыступяць 2 урачы-тэрапеўты, урач-хірург, урач-стаматолаг, урач-педыятр, якія ў дадзены момант праходзяць інтэрнатуру. З мэтай замацавання маладых спецыялістаў у раёне раённы выканаўчы камітэт забяспечвае ўсіх урачоў служэбным жыллём. Акрамя гэтага, распрацавана сістэма матэрыяльнага заахвочвання для таго, каб забяспечыць ім дастойную заработную плату.
— Што робіцца для таго, каб медыцынская дапамога для шаркаўчан была якаснай і хуткай, каб змяншаліся чэргі на прыём да ўрачоў?
— Плануецца пастаўка аўтамабіля “хуткай дапамогі”. Ён будзе аснашчаны сучасным абсталяваннем і выкарыстоўвацца для дастаўкі хворых у абласныя і рэспубліканскія медыцынскія ўстановы. У раёне, згодна з сацыяльным стандартам, неабходна 1,5 брыгады “хуткай дапамогі”, але для забеспячэння экстранай медыцынскай дапамогі захоўваюцца ўведзеныя 2,5 брыгады.
У чэргах на прыём да ўрачоў у большасці сваёй вінаватыя самі жыхары. Участковая тэрапеўтычная служба ўкамплектавана на 100 працэнтаў. Ажыццяўляюцца выезды ў вёскі. Ёсць магчымасць папярэдняга запісу на прыём (тэлефоны 4-16-82, 4-41-21), а таксама магчымасць узгадняць планавым хворым са сваім участковым тэрапеўтам кансультацыю вузкіх спецыялістаў, якімі паліклініка таксама ўкамплектавана. Сельскія жыхары планавыя звароты да ўрачоў могуць вырашыць праз фельчара ФАПа або дактароў урачэбных амбулаторый. Аднак дадзеная паслуга не выкарыстоўваецца ў сувязі з тым, што ўсе жадаюць прайсці агляд і абследаванне як мага раней. З-за гэтага і ствараюцца чэргі ў паліклінічным аддзяленні з 9.00 да 11.00. А пасля 11 гадзін, практычна пастаянна, паліклініка пустуе. Таксама і ў суботу: нягледзячы на тое, што працуюць усе неабходныя спецыялісты, колькасць зваротаў невялікая і паліклініка, якая працуе ў гэты дзень да 15.00, пустуе.
— З кожным годам ва ўсе сферы дзейнасці, у тым ліку і ў медыцыну, усё больш і больш уваходзяць платныя паслугі. Што прапаноўваецца ў гэтым плане жыхарам нашага рэгіёна і якім чынам уплывае на захаванне іх здароўя?
— Згодна з Законам “Аб ахове здароўя” і распрацаваным Міністэрствам аховы здароўя пратаколам дыягностыкі і лячэння насельніцтва забяспечваецца ў поўным аб’ёме неабходнымі бясплатнымі медыцынскімі паслугамі. За ўсе віды дадатковых паслуг бярэцца невялікая плата. У агульным аб’ёме платных паслуг, якія аказвае ЦРБ, паслугі жыхарам раёна, акрамя стаматалагічных і медыка-сацыяльных, займаюць толькі 5 працэнтаў. Для чаго гэта зроблена? Дзякуючы платным паслугам мы можам закупіць часткова дадатковае медыцынскае абсталяванне (2011 год — стаматалагічная ўстаноўка, 2010-ы — аўтамабіль меддапамогі), тым самым палепшыць якасць аказання медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, набылі апарат для расцягвання пазваночніка, значна палепшылі водалячэбніцу, абсталявалі залу ЛФК, што паляпшае магчымасці насельніцтва ў атрыманні дадатковых відаў медыцынскай дапамогі. З’явілася магчымасць вызначэння маркёраў (антыцелаў) для ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў мочапалавой сферы. Таксама медыкі могуць абследаваць хворага на даму: узяць аналізы крыві, зрабіць электракардыяграму з адначасовай кансультацыяй урача-спецыяліста, выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы пры выездзе ў сельскія амбулаторыі ўрача-стаматолага і ў абсталяваных стаматалагічных кабінетах на ФАПах. У далейшым плануецца пашырыць аб’ём стаматалагічнай дапамогі. Набыць перасоўную стаматалагічную ўстаноўку для паляпшэння даступнасці стаматалагічнай дапамогі сельскаму насельніцтву.
— Станіслаў Тадэвушавіч, ёсць выдатная магчымасць як медыку звярнуцца праз друк да жыхароў раёна. Што б вы хацелі сказаць шаркаўчанам?
— Кожны жыхар павінен разумець, што медыкаў не трэба баяцца. З імі неабходна супрацоўнічаць, бачыць у іх добрага сябра. Для нас няма нічога важней, чым бачыць здаровым былога пацыента. Безумоўна, у кожнага чалавека свае асаблівасці характару, аднак яго неабходна стрымліваць і ўважліва слухаць урача для хутчэйшага выздараўлення, бо няма такога доктара, які б жадаў хвораму чалавеку дрэннага. Менавіта таму, пасля заканчэння ўніверсітэта, усе мы даём клятву ўрача Рэспублікі Беларусь.
— Дзякуй за гутарку.
Гутарыла Людміла ЛАТЫШОНАК.
