
Радавалі сваіх мам і прысутных у зале маленькія прыгажуні раёна. Разам з тым, яны заваёўвалі тытул у розных намінацыях. Шэсць дзяўчынак ва ўзросце ад 6 гадоў паказвалі свае здольнасці ў наступных конкурсах: “Давайце, пазнаёмімся”, “Жадаем вам”, “Мара аб прафесіі”, “Казачная модніца”, “Мінута славы”, “Хачу на баль”. Яны па чарзе выходзілі на сцэну і здзіўлялі прысутных сваімі выканаўчымі здольнасцямі і манерамі паводзін.

У перапынках паміж конкурсамі быў выкананы нумар хлопчыкамі -джэнтэльменамі “Песня аб добрым настроі”, Віталік Гірстун праспяваў песню “Чысты ліст”, Канстанцін Лабуць таксама спяваў, а дзяўчынкі яму падпявалі, саліраваў Макар Пундзіс з песняй “Глупые сняжынкі”. Танцавальны калектыў “Карусель” выканаў танец “Буржуі”, мінулагодняя пераможца такога ж конкурсу Юлія Гірстун выступіла з песняй “Маленькая краіна”. Браты з цыркавога калектыву “Мара”Дзіма і Ягор Дарашчонкі захапілі прысутных цыркавым нумарам пад назвай “Блізняты”. Парадавалі песнямі Леанід Вашыткевіч, Улад Алешчанка і Уладзімір Касцюкевіч.
Выступленні маленькіх канкурсантак ацэньвала кампетэнтнае журы. Пры падвядзенні вынікаў яго старшыня Людміла Уладзіміраўна Стома сказала цёплыя словы ў адрас кожнай удзельніцы. У рэшце-рэшт карону пераможцы заваявала Каця Сікора, якая стала “Маленькай прыгажуняй-2012”, стужку “Міні-міс Талент” павязалі Дашы Касцюкевіч, “Міні-міс Зачараванне” стала Віка Дзюшко, “Міні-міс Усмешка” — Даша Райчонак, “Міні-міс Арыгінальнасць” — Жэня Юдыцкая, “Міні-міс Разумніца” — Сафія Федуковіч.
Трэба сказаць, што дзяўчынкі адчувалі сябе на сцэне смела і ўпэўнена, а вось мамы і бабулі хваляваліся больш за ўсіх. Ды і не магло быць іначай, бо ім давялося шмат папрацаваць, каб іх дзеткі выглядалі прыгожа і арыгінальна, каб добра расказалі вершы і праспявалі песні.
Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі мяккія цацкі і салодкія падарункі. А мамы — радасць і ўцеху, што першы крок на сцэну іх дзецям удаўся.
Застаецца сказаць, што падрыхтавала святочную праграму работнік раённага Дома культуры Жанна Пундзіс.
Кацярына СОСНА.