5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Актуальное

Дырэктар ТЦСАН І. В. Прыстаўка (справа) і загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму І. В. Януш
Дырэктар ТЦСАН І. В. Прыстаўка (справа) і загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму І. В. Януш

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны. Да іх ліку адносіцца мноства людзей розных спецыяльнасцей, але з аднолькавым душэўным прызваннем. Вялікую ролю ў агульным працэсе стабільнага функцыянавання органаў сацыяльнай абароны адыгрывае тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна. Пра работу ўстановы чытачам газеты “Кліч Радзімы” расказвае яе дырэктар Іна Вячаславаўна Прыстаўка:

— Дзейнасць нашага Цэнтра грунтуецца на ўсебаковай, прафесійнай і кампетэнтнай дапамозе розным катэгорыям грамадзян: адзінокім, адзінока пражываючым, інвалідам, шматдзетным, малазабяспечаным і нядобранадзейным сем’ям. Такая работа патрабуе хуткага і аператыўнага вырашэння ўзнікаючых пытанняў і праблем, аказання своечасовай дапамогі людзям.

На сённяшні дзень у сямі аддзяленнях тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання працуюць 90 чалавек. 51 чалавек з гэтай колькасці з’яўляюцца сацыяльнымі работнікамі, на абслугоўванні якіх знаходзіцца 442 чалавекі па месцы жыхарства. Праца гэта досыць складаная, бо патрабуе ад работнікаў знаходзіць правільны індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Каб мець станоўчыя вынікі ў рабоце, мы цесна ўзаемадзейнічаем са шматлікімі арганізацыямі і ўстановамі — цэнтральная раённая бальніца, сельскія выканаўчыя камітэты, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённы аддзел унутраных спраў, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Мінулы год меў для нас свае станоўчыя вынікі. У аддзяленнях укараняліся новыя формы і метады работы, такія як патранатная сям’я, дом зімоўкі, суправаджальнае пражыванне, дзённы догляд за пажылымі людзьмі і іншыя. Умацавалі таксама матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Для аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў набылі тэлевізар, прынтар, веласіпеды для сацыяльных работнікаў, маразільную камеру, посуд, мяккі інвентар для аддзялення кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў.

З кожным годам павялічваецца колькасць людзей, якія неабыякава ставяцца да праблем нашых грамадзян. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Дня інвалідаў, Новага года, іншых свят спонсарскую дапамогу нашаму цэнтру ў правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, дабрачынных акцый аказваюць жыхары Шаркаўшчынскага раёна, прыватныя прадпрымальнікі. Сярод іх прадпрымальнік Л. А. Кабелка, ПУП “Викли”, магазіны “Солнышко”, “Оазис”, “Меркурий”, “Караван”, “Мара”. Дапамагаюць нам таксама пробашч парафіі “Узвышэння Святога Крыжа” Крыштаф Сілкоўскі, ксёндз Ян Пугачоў, дабрачынны шаркаўшчынскіх цэркваў протаіерэй Пётр Бараноўскі.

Шмат добрых і ўдзячных слоў за сваю добрасумленную работу заслугоўваюць нашы супрацоўнікі. З моманту заснавання тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва у ім працуюць Раман Антонавіч Більдзюга, Іна Васільеўна Януш, Лёля Антонаўна Кузняцова, Анжэла Вайцехаўна Русачонак. Гэта вопытныя работнікі і кваліфікаваныя спецыялісты, якія перадаюць свае прафесійныя навыкі маладым калегам. Выдатна выконвае свае службовыя абавязкі загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Таццяна Мар’янаўна Клімза.

Увесь калектыў нашай установы я віншую з прафесійным святам, з Новым годам і Раством Хрыстовым! Зычу кожнаму моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працы, павагі і ўзаемаразумення! Пажаданні шчасця і здароўя адрасую таксама людзям, якія знаходзяцца на абслугоўванні ў работнікаў тэрытарыяльнага Цэнтра. Няхай 2018 год, які пачаўся, прыносіць толькі радасныя моманты жыцця!

Сяргей РАЙЧОНАК.



2 комментария по теме “5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

  1. Са святам!

    P.S. …сацыяльнай засцярогі. А не абароны!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *