100 год камісіі па справах непаўналетніх: Абарона інтарэсаў дзяцей — на першым плане

Актуальное Молодежь

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Фёдарава
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Фёдарава

14 студзеня 1918 года Дэкрэтам Савета Народных Камісараў, падпісаным У. І. Леніным, былі створаны камісіі па справах непаўналетніх. Знаходзіліся яны ў падпарадкаванні Наркамата асветы і яго мясцовых органаў. Камісіям адводзілася роля медыка-педагагічнага ўздзеяння на дзяцей і падлеткаў, якія абвінавачваліся ў грамадска небяспечных учынках. 100-гадовы юбілей — лічба адметная. Яна стала падставай для нашай размовы з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага райвыканкама Марыяй Фёдаравай. Напачатку дыялогу Марыя Пратасьеўна нагадала пра гісторыю ўтварэння і станаўлення структуры.

— У царскай Расіі ў 1910 годзе налічвалася да 2,5 мільёна дзяцей, якія не мелі даху над галавой і харчавання. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лічба гэта дасягала ўжо 3 мільёнаў чалавек. Таму прыняцце Дэкрэта аб утварэнні камісій па справах непаўналетніх стала жыццёва неабходным рашэннем. Названы дакумент таксама скасаваў суды і турэмнае зняволенне для малалетніх і непаўналетніх. Справы аб асобах, не дасягнуўшых 17-гадовага ўзросту, заўважаных у здзяйсненні грамадска небяспечных учынкаў, пачалі разглядаць на камісіях, у склад якіх уваходзілі педагогі, юрысты і ўрачы. Паступова паўнамоцтвы камісій па справах непаўналетніх значна пашырыліся. На іх была ўскладзена задача не толькі барацьбы з правапарушэннямі падлеткаў, але і абарона іх правоў.

— Пра маленькіх жыхароў Беларусі клапоцяцца многія службы і структуры, і сярод іх камісія па справах непаўналетніх — галоўны кантраліруючы орган. Якія функцыі ён выконвае?

— Асноўнымі накірункамі дзейнасці камісіі па-ранейшаму з’яўляюцца прафілактыка безнагляднасці і правапарушэнняў сярод дзяцей і падлеткаў, ахова іх інтарэсаў і правоў, аналіз сітуацый у сем’ях і прыняцце своечасовых мер па ўстараненні сямейнага недабрабыту, у тым ліку выяўленне дзяцей, якія маюць патрэбу ў абароне дзяржавы.

— Якія праблемныя пытанні ў рабоце камісіі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага райвыканкама хвалююць вас як намесніка старшыні КСН.

— У дзейнасці камісіі па справах непаўналетніх, як і любой іншай структуры, ёсць свае дасягненні, але шмат яшчэ і праблемных пытанняў. Хоць і нязначна, але ў параўнанні з 2016-м у мінулым годзе павялічылася колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў з удзелам непаўналетніх. У 2017-м годзе іх было 48. Пры гэтым 28 з іх здзейснены 25 падлеткамі школьнага ўзросту, 20 — навучэнцамі прафесіянальна-тэхнічных каледжаў і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. У 2016 годзе ў раёне зарэгістраваны 47 адміністрацыйных правапарушэнняў з удзелам непаўналетніх. У мінулым годзе выяўлены і 3 крымінальныя злачынствы (крадзяжы), здзейсненыя непаўналетнімі, у той час як у 2016 годзе іх было толькі 1. У мінулым годзе 13 дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і, у 2016-м — 6.

— Па стане на 1 студзеня 2018 года 5 дзяцей з чатырох сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы прызнаны дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забраны з біялагічных сем’яў. Трое з іх знаходзяцца ў аддзяленні прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, 1 выхоўваецца ў апякунскай сям’і бабулі і 1 дзіця знаходзіцца ў Віцебскім спецыялізаваным Доме дзіцяці, куды накіроўваюцца малалетнія дзеці ва ўзросце да 3 гадоў. На сённяшні дзень у раёне 38 хлопчыкаў і дзяўчынак прызнаны сіротамі і дзецьмі, якія знаходзяцца без бацькоўскай апекі, выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, а таксама ў доме сямейнага тыпу ў нашым гарадскім пасёлку.

— У юбілей прынята ўспамінаць тых, хто ў розныя гады адказваў за дзейнасць той або іншай структуры.

— Не будзем адыходзіць ад традыцыі і мы. З задавальненнем хачу назваць імёны і падзякаваць за плённую старанную працу людзям, якія ў розныя гады з’яўляліся намеснікамі старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Гэта Галіна Генадзьеўна Седзюкевіч, Валянціна Іванаўна Лемяшэўская, Таццяна Пятроўна Траба, Таццяна Вітальеўна Малыш. У розны перыяд сваёй працоўнай дзейнасці камісію па справах непаўналетніх у райвыканкаме ўзначальвалі Мікалай Аляксеевіч Макаранка, Галіна Фёдараўна Волах, Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч. Цяпер старшынёй камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама   з’яўляецца намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта  Юрый Анатольевіч Васілеўскі. У сучасным складзе камісіі — кіраўніцтва і прадстаўнікі розных органаў і служб: Аляксандр Уладзіміравіч Раманоўскі, Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, Вера Барысаўна Жук, Людміла Уладзіміраўна Стома, Міхаіл Часлававіч Пугаўка, Карына Васільеўна Галай, Надзея Станіславаўна Верушэўская, Таццяна Станіславаўна Кезік, Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, Кацярына Рыгораўна Міхнёнак і Наталля Анатольеўна Арэшкава. Дзякуй усім гэтым людзям за супрацоўніцтва, а таксама за іх нялёгкую, але вельмі патрэбную працу па абароне інтарэсаў дзяцей на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна.

Гутарыла Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *