12 студзеня ў райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Пасяджэнне праходзіла ў форме круглага стала, у якім прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, прадстаўнікі партарганізацыі нашага раёна, а таксама ветэраны кампартыі і прадстаўнікі некаторых ветэранскіх арганізацый. Кіраўнік раёна пажадаў усім прадстаўнікам раённай партыйнай арганізацыі далейшай плённай працы, бо ўсе гэтыя людзі заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці нашага раёна, цесна супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, не застаюцца ў баку і падчас правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных святаў і знамянальных дат.
На пасяджэнні раённай арганізацыі яе першы сакратар Мікалай Валянцінавіч Манкевіч уручыў памятныя медалі “100 год Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі” старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Міхайлавічу Ламака і ўрачу-педыятру Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлане Леанідаўне Магалінскай, а таксама партыйныя білеты людзям, якія аднавілі сваё членства ў арганізацыі. На пасяджэнні таксама быў зацверджаны план мерапрыемстваў раённай арганізацыі КПБ на 2018 год. У бліжэйшых планах камуністаў раёна – удзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання, якія адбудуцца ў нашай краіне 18 лютага. Прадстаўнікі арганізацыі вылучаны на ўчасткі для галасавання ў якасці назіральнікаў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
