Напачатку Новага году адной з самых яркіх падзей у культурным жыцці Віцебшчыны стаў фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеему”, які ў гэтым годзе праходзіў у Міёрскім раённым доме культуры. Арганізатарам гэтага штогадовага конкурсу з’яўляецца ксёндз Крыштаф Мянкіна, мясцовы пробашч. А ганаровым госцем урачыстасці стаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які напачатку конкурснай праграмы благаславіў усіх яе ўдзельнікаў, а пры падвядзенні вынікаў разам з ксяндзом Крыштафам Мянкінам уручыў дзецям заслужаныя ўзнагароды ў розных намінацыях.
— Удзел у фестывалі “Зорка Бэтлеему” ў гэтым годзе прынялі лепшыя музычныя дзіцячыя калектывы з 12 парафій Віцебскай дыяцэзіі, а перамогу ў адной з намінацый заваяваў гурт шаркаўшчынскай моладзі “Музыкі Хрыста”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца арганістка Святлана Пятроўна Гірстун, — паведаміла настаўніца рэлігіі парафіі “Узвышэння Святога Крыжа” Галіна Іванаўна Трызна. — Аўтарскія песні Святланы пра нараджэнне Хрыстова ў выкананні таленавітых юнакоў і дзяўчат з нашага гарадскога пасёлка дадалі яркіх фарбаў у музычную палітру фестывалю і атрымалі высокую ацэнку журы. У намінацыі гурт калектыў “Музыкі Хрыста” заваяваў першае месца. У складзе ансамбля выступілі Марыя Стральчонак, Кацярына Петух, Дар’я Маляўка, Станіслаў Руткоўскі, Віталій Гірстун, Алеся Федуковіч і Ганна Чупрова.
За перамогу ў фестывалі акрамя дыплома шаркаўшчынская моладзь атрымала ў якасці ўзнагароды гітару. Гэты музычны інструмент юнакі і дзяўчаты вырашылі перадаць у падарунак Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў. Пасля перамогі на фестывалі ў Міёрах удзельнікі гурта “Музыкі Хрыста” выступілі перад парафіянамі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў нашым гарадскім пасёлку. Ксёндз-дэкан Крыштаф Сілкоўскі падзякаваў кіраўніку гурта Святлане Гірстун і ўсім юным музыкантам за цудоўнае выступленне і падарыў ім на памяць фотаздымкі, зробленыя пасля паспяховага выступлення на фестывалі з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам. Завяршылася мерапрыемства салодкім сталом для пераможцаў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
Марыя Стральчонак, удзельніца гурта “Музыкі Хрыста”:
— Уражанні ад фестывалю вельмі добрыя, таму пачну з самага пачатку. На мерапрыемстве прысутных шчыра вітаў біскуп Алег Буткевіч. Жадаючы поспеху кожнаму калектыву, ён зазначыў, што кожны, хто прыехаў на конкурс, ужо ёсць пераможца, бо пажадаў моцай свайго таленту ўславіць Бога, падзякаваць яму за радасць жыцця, за атрыманы дар слыху і голасу. Я ўдзельнічаю ў гэтым конкурсе з трэцяга класа. Лічу, што ўзровень конкурсу як у плане музычным, так і прафесійным мастацкім за сваю шаснаццацігадовую гісторыю значна вырас і набыў папулярнасць. Заўсёды добра вітаюць усіх гледачы. Падпяваюць вядомым творам, артыстаў шчодра ўзнагароджваюць апладысментамі. Да ўдзелу ў фестывалі наш гурт рыхтавала музычны кіраўнік Святлана Гірстун. Калі ўжо ўсё было гатова і добра адрэпетавана, задумаліся пра касцюмы для выступлення. З пакупкай сукенак нам дапамог ксёндз касцёла Узвышэння Святога Крыжа Крыштаф Сілкоўскі. Сярод 12 калектываў мы занялі першае месца. У невялікіх перапынках паміж выступленнямі вядучыя пераўвасабляліся ў розныя вобразы, праводзілі конкурсы, чым забаўлялі гледачоў і дазвалялі падрыхтавацца наступным спевакам. Фестываль доўжыўся да вечара. Сяброўская атмасфера не дазволіла стаміцца, а наадварот, падбадзёрвала. Фестываль — гэта добрая магчымасць сустрэцца, адшукаць новых сяброў, праслаўляць Бога. З добрым настроем і перамогай мы вярталіся дадому.
Алена АНАНІЧ.

