Многа гадоў прысвяціла Даната Уладзіміраўна Жынгель абароне інтарэсаў дзяцей

Актуальное

824 (Копировать)Напачатку мінулага стагоддзя, у 1918-м, Дэкрэтам Савета Народных Камісараў былі створаны камісіі па справах непаўналетніх. Цэлае стагоддзе прайшло з той пары, але і ў сучасным грамадстве праблемы падлеткаў і іх сем’яў паўстаюць не менш востра. Па ўсёй краіне створана сістэма сацыяльна-педагагічных цэнтраў, галоўная задача якіх — аказанне комплекснай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Вось і ў нашым гарадскім пасёлку сацыяльна-педагагічны цэнтр амаль ніколі не пустуе, маленькія жывуць там заўсёды. Сярод іх хлопчыкі і дзяўчынкі, прызнаныя камісіяй дзецьмі, што маюць патрэбу ў абароне дзяржавы. Там жа ўтрымліваюцца і дзеці, якія па прычыне розных жыццёвых абставін часова знаходзяцца ў СПЦ. З 2011 года ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Шаркаўшчынскага раёна” мае ў сваім складзе 2 структурныя падраздзяленні: дзіцячы сацыяльны прытулак і аддзяленне дыягностыкі сацыяльнай дэзадаптацыі і рэалізацыі комплексных праграм сацыяльнай рэабілітацыі. Адчынялася ж установа ў 2003 годзе як дзіцячы сацыяльны прытулак, першым дырэктарам якога была Даната Уладзіміраўна Жынгель. У цяперашні час, ужо будучы на заслужаным адпачынку, жанчына ўзначальвае ў раёне Каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў, арганізацыю “Беларускі саюз жанчын” і ветэранскую арганізацыю Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў.
Адпрацаваўшы 11 гадоў на пасадзе дырэктара сацыяльнага прытулку ў нашым раёне, Даната Уладзіміраўна можа многае расказаць пра тое, як у жыцці маленькіх жыхароў нашага раёна часам здараюцца вялікія беды: з-за алкагалізму бацькоў, праблем або трагедыі ў сям’і, жорсткіх адносінаў дарослых. Усё гэта даводзілася бачыць не раз, і, у адпаведнасці з нормамі дзеючага заканадаўства, адстойваць інтарэсы дзяцей, дапамагаць ім перажыць самыя складаныя моманты ў жыцці. А паспяхова арганізаваць работу ў сацыяльным прытулку дапамагаў папярэдні вопыт работы ў калектыве раённага аддзела ўнутраных спраў.
У 1971 годзе Даната Уладзіміраўна пачала працаваць інспектарам дзіцячага пакоя міліцыі, а праз 8 год — узначаліла пашпартную службу раённага аддзела ўнутраных спраў, у якой адпрацавала на працягу 33 гадоў. Пасля службы ў міліцыі і звальнення ў адстаўку ў званні маёра Даната Уладзіміраўна з’яўлялася галоўным спецыялістам сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, а з першых дзён утварэння на тэрыторыі раёна сацыяльнага прытулку для непаўналетніх узначаліла названую структуру.
Пры падтрымцы кіраўніцтва арганізавала работу ў сацыяльным прытулку што называецца “з нуля”, каб было куды прыняць дзяцей, якія апынуліся ў экстрымальнай жыццёвай сітуацыі ці засталіся без бацькоўскай апекі.
За гады сваёй працоўнай дзейнасці Даната Уладзіміраўна Жынгель узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі”, медалём “За бездакорную службу”, Падзякамі Міністэрства ўнутраных спраў і “Беларускага саюза афіцэраў”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *