
Такой вясёлай песняй і пачалося святкаванне Масленіцы ў нашай школе. Мы развітваліся з зімой і сустракалі вясну — пачатак новага жыцця. Вучні з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх забавах: каталіся з горак на санках, бегалі на лыжах, ляпілі снегавікоў, каталі саламяную ляльку — сімвал холаду і зімы, якая напрыканцы свята была спалена, каб даць пачатак цяплу і вясне.
Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах “Блінны забег”, “Снежны снайпер”, “Гульня ў бліна”, “Бег у мяшках”. Усе забавы і конкурсы суправаджаліся масленічнымі песнямі, дасціпнымі жартамі.
Сімвал Масленіцы — круглы, як сонейка, блін. Мы ласаваліся смачнымі блінамі з малінавым, чарнічным і агрэставым варэннем і запівалі іх гарачай духмянай гарбатай. Масленіца завяршылася цудоўным звычаем прасіць прабачэння адзін у аднаго, бо прабачэнне — гэта ачышчэнне ад крыўды, злых думак. А з чыстым сэрцам і жыць лягчэй.
Дзмітрый ШЫПІЛА,
вучань 6 класа Стральцоўскай БШ
Сустрэча з афіцэрам
Страта памяці пра свае карані, гісторыю народа, родную зямлю з’яўляецца самай страшнай бядой, якая можа здарыцца з чалавекам, таму што тады ён губляе і частку сябе. Каб гэтага не адбылося, неабходна выхоўваць пачуццё патрыятызму з маленства. Вялікую ролю ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў адыгрывае, безумоўна, школа. Работа ў гэтым напрамку вядзецца мэтанакіравана і пастаянна.
З 24 студзеня па 24 лютага ва ўстанове адукацыі прайшоў месячнік патрыятычнай работы, прымеркаваны да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дня абаронцаў Айчыны. У рамках яго настаўнікамі школы праведзены ўрокі мужнасці, інфармацыйныя гадзіны, спартыўна-конкурсная праграма “Юны патрыёт”, сустрэчы з вайскоўцамі, ветэранамі вайны.
Хвалюючай была сустрэча з Іліадорам Уладзіміравічам Бяляўскім, выпускніком школы, былым ваеннаслужачым, камандзірам лётнага палка. Палкоўнік расказаў вучням аб сваім школьным жыцці, як марыў стаць ваенным, імкнуўся быць лепшым ў час вучобы ў лётным вучылішчы, закончыў вучобу з пахвальным лістом, годна служыў Айчыне.
Безумоўна, гэта сустрэча пакінула яркі след у душы кожнага школьніка і вялікую адказнасць за свае ўчынкі, справы. Вучні пранікнуліся пачуццём гонару за свайго земляка і адказнасцю перад будучыняй краіны.
Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму — складаны і шматгранны працэс, таму ён не заканчваецца правядзеннем месячніка. Наперадзе вучняў чакаюць экскурсійныя паездкі, сустрэчы з ветэранамі, акцыі. Мы ўпэўнены, што выхаваць сапраўднага патрыёта, чалавека, здольнага жыць і працаваць не толькі для ўласнага дабрабыту, але і думаць пра Радзіму — задача адказная, але і пасільная.
А. СВІЛЁНАК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Станіславоўскай БШ
Дзень радасці і прыгажосці
8 Марта — день торжественный.
День радости и красоты.
На всей земле он дарит женщинам
Свои улыбки и цветы.
Вось і дачакаліся шаркаўшчынскія жанчыны светлага, радаснага свята. І добра, што Дзень жанчын адзначаецца ўвесну, калі пачынае абуджацца прырода. І не толькі яна. Жанчыны і дзяўчынкі, і, нават, бабулі, раптам пачынаюць пырхаць, як матылькі. Чаму?! Ды таму, што мужчыны віншуюць сваіх жонак і дочак, маці і сясцёр, бабуль і цётак і імкнуцца так арганізаваць святочны дзень, каб ён запомніўся.
Я таксама заўсёды з задавальненнем віншую з 8 Сакавіка сваю маму, уручаю падарунак і цалую ў шчаку. З братам імкнёмся ў гэты дзень як мага больш аблегчыць клопаты маці. Вядома ж, памятаем і пра нашых бабуль, цётак.
Мне хочацца сказаць жанчынам: «Вы заслужылі гэта свята!». І пажадаць усім дабра, радасці, яркага вясновага сонца, сямейнага дабрабыту і згоды, міру і даўгалецця, поспехаў ва ўсіх справах і выканання ўсіх жаданняў.
Аляксандр СТОЦІК,
член гуртка «Юны журналіст» Цэнтра дзяцей і моладзі
Гульня “Пяць зорак”
Праблема курэння і ўжывання спіртных напояў падлеткамі стала актуальнай даволі даўно. Але, на жаль, не губляе сэнсу і сення. Кожны год колькасць непаўналетніх, якія кураць ці ўжываюць спіртное, павялічваецца. Асабіста мне даводзілася сустракацца з дзяўчатамі, якія кураць з 12-13 год і нават ганарацца гэтым.
Вельмі важнай з’яўляецца і праблема “пасіўнага” курэння. Гэтага амаль немагчыма пазбегнуць, калі хтосьці ў сям’і курыць, цяжка гэта зрабіць на аўтобусных прыпынках, на вуліцах. А “пасіўнае” курэнне з’яўляецца не менш шкодным для дзіцячага арганізма, чым актыўнае паленне цыгарэт.
Яшчэ раз пагутарыць з дзецьмі на тэму шкодных звычак вырашыла класны кіраўнік дзявятага класса Ірына Мар’янаўна Грыдзюшка.
Яна адрыхтавала гульню “Пяць зорак” і запрасіла нас у ей паўдзельнічаць.
Пытанні датычыліся і шкодных звычак. Удзельнічалі у гульні–конкурсе вучні розных класаў, але пераможцай выйшла вучаніца 8 “Б” класа Анастасія Сыраватка.
Былі таксама падрыхтаваныя прэзентацыі на тэму здаровага ладу жыцця.
Канечне, нельга сказаць, што тыя, хто курыць даўно або лічыць з-за гэтага сябе модным, адразу адмовяцца ад шкоднай звычкі, але калі хоць адзін чалавек, дзякуючы гэтаму мерапрыемству, задумаецца, маўляў, ці варта курыць, то гэта будзе вельмі добра.
Дарэчы, радуе тое, што сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце таксама прапагандуюць здаровы лад жыцця і заняткі спортам. А гэта значыць, што мода на курэнне і ўжыванне алкаголю праходзіць.
Кацярына ГРЫДЗЮШКА,
вучаніца 9 класа
Вясна прыйшла, вясне дарогу!
У апошнюю нядзелю лютага па ўсёй краіне гарэлі чучалы Зімы — у апошні дзень Масленіцы мы з радасцю развітваліся з моцнымі марозамі, снягамі і завеямі. Хопіць! Вясна прыйшла, вясне дарогу!
Цудоўным атрымалася свята Масленіцы і ў аграгарадку Лужкі, якое адбылося на тэрыторыі мясцовага рынка. У свяце прынялі ўдзел самадзейныя артысты Лужкаўскага, Верацееўскага і Дворнаўскага СДК. А сярод вучняў 5—11 класаў Лужкаўскай сярэдняй школы быў аб’яўлены конкурс на лепшую ляльку-Масленіцу.
Усім вельмі спадабаўся гэты іспыт. Вучні школы прапанавалі гледачам цікавую казачную абарону сваіх лялек. У асноўным, дзеці чыталі вершы, спявалі масленічныя песні, частушкі, таксама з народам гуляў мядзведзь. Усе лялькі атрымаліся прыгожымі, было іх шкада паліць на агні. Стральцоўская і Улінаўская школа парадавалі нас сваімі вырабамі з мукі і саломкі, людзі з задавальненнем іх куплялі. Гледачы былі вясёлымі і з радасцю падпявалі артыстам, танцавалі. Пасля таго, як дырэктар Лужкаўскай школы Л. В. Гараніна аб’явіла пераможцаў у конкурсе на лепшую ляльку, усе чучалы былі спалены. Дзеці і дарослыя вадзілі карагод вакол вогнішча. Дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна і старшыня сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская павіншавалі ўсіх са святам, пажадалі добрага настрою. Затым вядучыя пачалі забаўляць народ рознымі гульнямі, загадкамі, прымаўкамі, песнямі.
Нягледзечы на дрэннае надвор’е, мы з бадзёрасцю праводзілі зіму і сустрэлі вясну з новым цеплым, прыемным настроем. А на вогнішчы разам з чучаламі спалілі ўсё непрыемнае і дрэннае.
Святлана РАДЗЕВІЧ,
вучаніца 9 класа
Цудоўная сямерка
Субота, 3 сакавіка. Цудоўны настрой, бо ў нас адбылася конкурсная праграма “Великолепная семерка”. У цэнтры ўвагі на мерапрыемстве была лічба “7”. У састаў кожнай каманды ўваходзілі па 7 чалавек. Усе заданні так або інакш уключалі лік “сем”. Конкурс “Аўкцыён прымавак і пагаворак” — трэба ўспомніць і запісаць пагаворкі і прымаўкі, дзе змяшчаецца лік “сем”. Конкурс “Сем цудаў свету”: кожная каманда атрымлівала заданне апісаць нейкі цуд свету — трэба было ўзгадаць яго назву і месцазнаходжанне. Конкурс “Бліц” — тры пытанні, звязаныя з лікам “сем” з розных раздзелаў ведаў. Конкурс “Вяселы шарык” — трэба хутка надзьмуць 7 шарыкаў, а потым зрабіць з іх гірлянду. Усім было весела, а галоўнае — мы даведаліся, якая цудоўная лічба “7”.
Анна ЕРАХНОВІЧ,
вучаніца 10 класа Лужкаўскай СШ