Наш карэспандэнт пабываў на трэцім Рэспубліканскім форуме “Роля рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці сацыяльнага партнёрства”

Актуальное

smi5 (1)Больш за 150 журналістаў з усёй краіны 30 і 31 студзеня прынялі ўдзел у рабоце трэцяга Рэспубліканскага форуму “Роля рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, які прайшоў у Мінску. Як і ў мінулыя разы, яго ініцыятарамі выступілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
У першы дзень работы форуму яго ўдзельнікі наведалі адкрыццё прафсаюзнай турыстычнай выставы “Прафтур-2018”. На выставе, арганізатарамі якой выступілі ўнітарнае прадпрыемства “Беларустурыст” пры падтрымцы ФПБ, быў прадстаўлены ўвесь турыстычны патэнцыял Беларусі. На трох паверхах Палаца культуры прафсаюзаў сваю прадукцыю наведвальнікам прадстаўлялі прамысловыя прадпрыемствы з усіх абласцей краіны.
— Дадзенае мерапрыемства — гэта ўклад у развіццё турызму, — адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. — У многіх краінах гэты сектар эканомікі прыносіць вельмі значны прыбытак і забяспечвае занятасць людзей. Турызм дае стымулы для развіцця іншых сфер: гандлю, грамадскага харчавання, транспарту. А для нашай краіны гэта надзвычай важна.
Традыцыйна ў выставе прынялі ўдзел не толькі тураператары з Беларусі, але таксама з Арменіі, Грузіі, Літвы, Расіі і Украіны. Упершыню ў выставе ўдзельнічалі турыстычныя фірмы з Азербайджана.
— Нашы краіны заўсёды звязвалі сяброўскія адносіны, — адзначыў у сваім выступленні ўдзельнік азербайджанскай дэлегацыі Эльвір Мамедаў. — Турыстычны патэнцыял Беларусі вельмі цікавы для Азербайджана. Нас захапляе цудоўная беларуская прырода, гістарычныя мясціны і нацыянальная кухня. Мы ж, у сваю чаргу, прапануем беларусам наведаць старажытны горад Баку, убачыць мясцовыя вулканы, атрымаць асалоду ад страў азербайджанскай кухні.
Акрамя таго, на выставе прэзентавалі камфортныя і бюджэтныя аўтобусныя туры да Чорнага мора. Мноства ўражанняў пакінула і анімацыйная праграма, у межах якой наведвальнікі змаглі пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні. У кожнага была магчымасць наведаць кулінарнае шоў, якое правёў вядомы тэлевядучы Барыс Бурда. Ён і яго памочнікі арганізавалі гульню-аўкцыён для гледачоў, прыгатавалі бутэрброды з чырвонай ікрой па-фінску і пачаставалі прысутных. За першы дзень работы выставы яе наведалі звыш тысячы чалавек.
У той жа дзень журналісты рэгіянальных СМІ наведалі майстар-класы ад галоўных рэдактараў Выдавецкага дома “Звязда” Паўла Сухарукава, “Сельскай газеты” Сяргея Міховіча і рэдактара інфармацыйнага партала 1prof.by Аляксея Пашкевіча. Напрыклад, Павел Сухарукаў падрабязна паведаміў пра работу Выдавецкага дома “Звязда”. Гэта ўстанова друкуе не толькі газету з аднайменнай назвай. Выдавецкі дом уключае ў сябе дзесяць структурных падраздзяленняў і з’яўляецца адным з буйнейшых у краіне. У штаце ўстановы працуюць 180 чалавек. Тут ствараюцца часопісы “Літаратура і Мастацтва”, “Бярозка”, “Маладосць”, “Нёман”, “Алеся”, “Вожык”, “Родная прырода” і іншыя. Акрамя таго, у Выдавецкім доме выходзіць з друку мастацкая літаратура, аўтарамі якой з’яўляюцца беларускія паэты і празаікі.
31 студзеня ў Доме прафсаюзаў прайшло пленарнае пасяджэнне з удзелам старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды, яго намесніка Алены Манкевіч і начальніка ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі краіны Таццяны Хмель. З дакладам аб рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за мінулы год, планах і перспектывах на 2018 год выступіў Міхаіл Орда. Тэмай выступлення Таццяны Хмель стала сацыяльнае партнёрства рэгіянальных і прафсаюзных сродкаў масавай інфармацыі як крыніцы ўзаемнага поспеху.
Журналісты рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі мелі магчымасць задаць тыя або іншыя пытанні арганізатарам пленарнага пасяджэння. У прыватнасці, прысутныя цікавіліся працоўнымі адносінамі, аплатай працы, гарантыямі, якія прадастаўляе дзяржава маладым спецыялістам (журналістам) пры размеркаванні на першае месца работы.
— Несумненна, што Рэспубліканскі форум з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для дыялогу паміж прадстаўнікамі мясцовых СМІ, кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі краіны і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.
Было прынята рашэнне аб правядзенні чацвёртага Рэспубліканскага форуму для журналістаў нашай краіны, які папярэдне запланаваны на май-чэрвень сёлетняга года.
На форуме пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *