У сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва Вольга Валер’еўна Морхат чалавек пакуль што новы, на комплексным прыёмным пункце аграгарадка Дворнава яна працуе яшчэ 8 месяцаў. Але, нягледзячы на невялікі працоўны стаж, поспехі ў рабоце гэтай маладой жанчыны відавочныя. Аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг насельніцтву за мінулы год склаў 27 мільёнаў 748 тысяч рублёў, тэмп росту аказваемых паслуг у фактычных цэнах да ўзроўню мінулага года складае 160, 5 працэнта. Акрамя жыхароў аграгарадка, паслугамі комплекснага прыёмнага пункта карыстаецца насельніцтва большасці вёсак Лужкаўскага сельскага савета, сярод якіх Уліна, Іванава, Грыдзюшкі, Спікалоўшчына, Дубоўка, Залясінкі, Тупічына і іншыя. Прыёмшчык КПП Вольга Морхат ажыццяўляе выязное абслугоўванне насельніцтва, наведвае вяскоўцаў на даму (а ў большасці сваёй гэта людзі пажылога ўзросту) і прапануе ім розныя віды бытавых паслуг. Найбольшым попытам карыстаюцца хімічная чыстка, рамонт і пашыў адзення пад заказ, рамонт абутку, хімчыстка дываноў і падушак. Пасцельныя рэчы і адзенне, пашытыя на камбінаце бытавога абслугоўвання райцэнтра, таксама рэалізуюцца праз комплексныя прыёмныя пункты, і цэны на гэтыя тавары даволі прымальныя. Дзякуючы выязному абслугоўванню жыхары невялікіх і аддаленых населеных пунктаў атрымліваюць неабходныя ім тавары і паслугі і не адчуваюць сябе пакінутымі без увагі.
Па папярэдніх заяўках вяскоўцаў комплексны прыёмны пункт у аграгарадку Дворнава наведвае цырульнік. На пачатку вясны яго паслугі асабліва запатрабаваны. І жыхары Лужкаўскага сельсавета задаволены тым, што якаснае бытавое абслугоўванне цяпер даступна кожнаму, многія пытанні вырашаюццпа на месцах. Ужо не трэба ехаць у райцэнтр, каб, напрыклад, зрабіць новую прычоску ці адрамантаваць абутак.
Напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва Дворнаўскі КПП вылучаны на абласны конкурс “Лепшы комплексны прыёмны пункт”.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ