Цудоўнай магчымасцю праявіць свой талент на сцэне з’яўляецца конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”. У чарговы раз ён адбыўся 11 лютага ў раённым Цэнтры культуры. Конкурс праходзіць у межах рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з мэтай далучэння моладзі да песеннага мастацтва. Арганізатарам мерапрыемства стаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сёлета прадэманстраваць свае здольнасці шырокай публіцы вырашылі восем сольных выканаўцаў і тры вакальныя ансамблі.
Таццяна Чарняўская прадстаўляла Більдзюжскую СШ, Марына Грыдзюшка — СШ № 1, Юлія Хахлун — Лужкаўскую СШ, Ангеліна Посная і Марыя Сідарава — Іёдскую ДС-СШ, Наталля Чысцякова выступала ад Беларусбанка і Лужкаўскага СДК, Юлія Арсоба і Лізавета Гуляшка ад РЦК, Надзея Лагун — ад Радзюкоўскага СДК, Надзея Гарбачонак — ад Навасельскага СДК, Уладзіслаў Сіманіс і Вікторыя Шкалава прадстаўлялі Іёдскі СДК, трыа ў складзе Яны Сівянковай, Надзеі Столяр і Галіны Ласоўскай выступалі ад цэнтральнай раённай бальніцы.
Па ўмовах конкурсу ўсе ўдзельнікі выконвалі па дзве песні: грамадзянска-патрыятычную і песню-шлягер. Некаторыя нумары спалучалі ў сабе выдатныя вакальныя дадзеныя, прывабнасць, артыстызм, крэатыўнасць і запомніліся адразу. Як, напрыклад, пранікнёныя выступленні Таццяны Чарняўскай з песнямі “Сердце земли моей” і “Всегда быть вместе не могут люди”, Надзеі Лагун з песнямі “Белая ластаўка” і “Беспечный ангел”. Яскравы нумар на музычную кампазіцыю гурта “Камбінацыя” “Амэрыкен бой” паказала трыа дзяўчат у складзе Яны Сівянковай, Надзеі Столяр і Галіны Ласоўскай. З ледзьве бачным хваляваннем упершыню ў конкурсе ўдзельнічала Юлія Арсоба, якая выканала песні “Слуцкія ткачыхі” і “Я рисую”. Былі сярод выканаўцаў і даўнія сябры глядацкай аўдыторыі — Надзея Гарбачонак, Лізавета Гуляшка і іншыя самадзейныя артысты, чые галасы сваімі спевамі радуюць шаркаўшчынскую публіку.
Журы, у склад якога ўвайшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч, дырэктар раённага Цэнтра культуры Аксана Сініца, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Ала Міхайлава і настаўніца музыкі СШ № 2 Алена Цярпілка, было няпроста зрабіць свой выбар і вызначыць пераможцаў. Пасля доўгага абмеркавання дыпломамі і прызамі адзначаны наступныя артысты.
У намінацыі “саліст-вакаліст” першае месца заваявала Надзея Лагун. Другое месца журы прысудзіла Таццяне Чарняўскай. На трэцяй пазіцыі апынулася Лізавета Гуляшка. У намінацыі “вакальны ансамбль” першае месца не прысуджалася. Другім стаў дуэт у складзе Ангеліны Поснай і Марыі Сідаравай. Трэцяе месца занялі Уладзіслаў Сіманіс і Вікторыя Шкалава.
Журы конкурсу прысудзіла таксама спецыяльныя прызы. За лепшае выкананне песні на беларускай мове ўзнагароду атрымала Наталля Чысцякова. За лепшае выкананне песні на ваенную тэматыку — Марына Грыдзюшка, за артыстычнасць — трыа ў складзе Яны Сівянковай, Надзеі Столяр і Галіны Ласоўскай, за стварэнне лепшага сцэнічнага вобраза — Юлія Хахлун. “Адкрыццём конкурсу” стала Юлія Арсоба. А прыз глядацкіх сімпатый заваявала Надзея Гарбачонак.
Закончыўся чарговы фестываль маладых выканаўцаў папулярнай песні. Усе мы з нецярпеннем будзем чакаць наступнага конкурсу, які адбудзецца роўна праз год. Чакаць, каб зноў сустрэцца з зоркамі шаркаўшчынскай эстрады і новымі таленавітымі выканаўцамі.
Сяргей РАЙЧОНАК


























