
У дзявяты раз дырэктар Станіславоўскай базавай школы Яўгеній Генадзьевіч Дулінец па ўласнай ініцыятыве праводзіў чарговы адкрыты турнір па настольнаму тэнісу. Адразу адзначу, што вельмі прыемна здзіўляе настойлівасць педагога па далейшай прапагандзе гэтага віду спорту сярод розных катэгорый насельніцтва. Нягледзячы на вялікую загружанасць па асноўнай рабоце знаходзіць часу, каб запрасіць на спаборніцтвы мацнейшых аматараў малой ракеткі, падтрымлівае цесную сувязь з былымі выпускнікамі-тэнісістамі, якія цяпер вучацца ў каледжах і ліцэях Віцебскай вобласці. І хаця звыклай для ўсіх нас спартыўнай залы ў школе няма, месца для ўстаноўкі неабходнай колькасці тэнісных сталоў заўсёды знаходзіцца. І яны не пустуюць, бо рэгулярныя трэніроўкі з ахвотай наведвае амаль што палова вучняў школы, з якімі займаюцца сам кіраўнік і выкладчык фізкультуры і працоўнага навучання Аляксандр Юльянавіч Лаўрыновіч. Такая мэтанакіраваная і планамерная работа прыносіць добры плён. Вось ужо шосты год юныя тэнісісты школы паспяхова прадстаўляюць Шаркаўшчынскі раён на абласным узроўні. І сёлета гонар рэгіёна будуць адстойваць Яўген Свілёнак, Ігар Пагарэлаў, Святлана Васюк і Даша Жук.
Цяпер непасрэдна пра спаборніцтвы. Удзел у іх прынялі 17 прадстаўнікоў мужчынскага полу і, на жаль, толькі 5 жаночага. Тут, на думку Яўгена Генадзьевіча, адмоўную ролю адыграла правядзенне ў гэты дзень першынства раёна па валейболе сярод жанчын, многія з якіх любяць і ўмеюць гуляць у настольны тэніс. З запрошаных прыехалі прадстаўнікі ДБУ-26, СШ № 1, былыя выпускнікі з Оршы, Лепеля, Віцебска, Глыбокага.
Як і меркавалася, першымі закончылі спаборніцтвы прадстаўніцы жаночага полу. Найбольш паспяхова выступіла вучаніца Станіславоўскай БШ Вераніка Васюк. Ні ў адной сустрэчы не дала шансаў сваім саперніцам і ўпэўнена перамагла. Ёй і быў уручаны кубак і адпаведны дыплом. Другое месца заняла Святлана Стацэвіч з Віцебскага політэхнічнага тэхнікума, трэцяе — добра знаёмая аматарам спорту Таццяна Буйка з ДБУ-26.
З-за вялікай колькасці ўдзельнікаў спаборніцтвы паміж мужчынамі спачатку праводзіліся ў дзвюх падгрупах. Па тры пераможцы з кожнай

выходзілі ў фінал, дзе гулялі па кругавой сістэме. У рашаючых гульнях сустрэліся Сяргей і Леанід Вароны (ДБУ-26), Сяргей Пазняк (Станіславоўская БШ), Дзяніс Аўрамчык (СШ № 1), Сяргей і Аляксей Лаўрыновічы (Орша).
Найбольш упэўнена правялі другі этап бацька і сын Вароны. Менавіта яны і сустрэліся ў заключным паядынку за першае месца. Пасля дзвюх партый лік быў 1:1. І вось трэцяя, рашаючая. Ачко ў ачко. І ўсё ж больш пашанцавала Леаніду, які і стаў пераможцам турніру. Сяргей Варона на другім месцы, Сяргей Лаўрыновіч на трэцім.
Пасля заканчэння турніру ўсе ўдзельнікі, незалежна ад занятых месц, шчыра дзякавалі арганізатарам за праведзенае мерапрыемства і выказалі жаданне прыехаць на юбілейны, дзясяты, які, безумоўна, адбудзецца ў наступным годзе.
Эдуард КОРСАК
