Указам Прэзідэнта нашай краіны 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Аб прыняцці такога рашэння Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паведаміў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу рэспублікі, якая прайшла ў Мінску 9 лютага. Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі тыя людзі, хто непасрэдна кожны дзень заняты ў АПК — кіраўнікі гаспадарак, перапрацоўчых арганізацый і тыя, што абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс краіны, фермеры, перадавікі сельгасвытворчасці, заслужаныя работнікі гэтай галіны.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сказаў, што менавіта ў лютым падведзены канчатковыя вынікі мінулага сельскагаспадарчага сезона і застаецца некаторы час для падрыхтоўкі да новага. Гэты прамежак часу з’яўляецца найлепшым перыядам для таго, каб выказаць словы глыбокай павагі да людзей, якія працуюць дзеля харчовай бяспекі краіны. Успомніць пра нашы вытокі, малую радзіму, годам якой і аб’яўлены 2018-ы.
У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскім мерапрыемстве былі і шаркаўчане — электрагазазваршчык УП “Шаркаўшчынскае ПМС” Антон Баляслававіч Шышко і галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Буеўшчына” Ала Георгіеўна Баговіч. Адразу пасля прыезду з Мінска мы сустрэліся з Алай Георгіеўнай і папрасілі жанчыну падзяліцца сваімі ўражаннямі ад удзелу ў рэспубліканскім форуме.
— Ведаеце, — кажа Ала Георгіеўна, — за амаль трыццацігадовы перыяд працы я ўпершыню была ўдастоена такога падарунка — паездкі на цырымонію ўшанавання лепшых працаўнікоў АПК Рэспублікі Беларусь. Арганізатары мерапрыемства гасцінна сустрэлі нас у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”. Для гасцей урачыстасці іграў Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся лідар краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён сказаў, што толькі працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы. І нягледзячы на тое, што на дапамогу аграрыям і жывёлаводам прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі, па-ранейшаму праца вяскоўцаў застаецца адной з самых напружаных і цяжкіх. Гэтыя словы ўразілі кожнага з прысутных у зале, бо яны і сапраўды адпавядаюць сённяшняй рэчаіснасці і маюць у сабе глыбокі сэнс.
Далей адбылася цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў аграпрамысловага комплексу. З рук А. Р. Лукашэнкі яны атрымалі ордэны, медалі, каштоўныя падарункі. Дарэчы, ніхто з прысутных не застаўся ў той дзень па-за ўвагай арганізатараў рэспубліканскага форуму. Кожны з нас атрымаў сертыфікаты на тэлевізары “Гарызонт”.
У другой частцы свята мы наведалі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, усе засталіся ў захапленні ад відовішчнага амаль двухгадзіннага канцэрта, які падарылі нам майстры беларускай эстрады.
За дзень, праведзены ў Мінску, я скарысталася цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца са сваімі калегамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Разам мы абмяркоўвалі праблемы і пытанні, якія існуюць у сферы ветэрынарыі, дзяліліся сваімі вопытам і напрацоўкамі. А напрыканцы мерапрыемства абмяняліся нумарамі тэлефонаў для далейшага сяброўства.
Людзі, шчыра адданыя роднай зямлі. Так здаўна кажуць пра тых, хто нарадзіўся, вырас, застаўся жыць і працаваць на сваёй малой радзіме. Так і Ала Георгіеўна з’явілася на свет у вёсцы Корніца ў сям’і калгаснікаў. З дзяцінства яе вабіла справа, якой усё жыццё займаўся яе тата, — ветэрынарыя.
— Ужо ў сёмым класе я вырашыла, што абавязкова стану ветэрынарным урачом, — успамінае наша суразмоўца. — Закончыла школу, затым Віцебскі ветэрынарны інстытут і вярнулася ў родныя мясціны. Справе сваёй, як і малой радзіме, не здрадзіла. З мужам Фёдарам, які таксама працуе ў ААТ “Буеўшчына”, выхавалі двух сыноў і дачку. Маем уласную сядзібу ў аграгарадку, трымаем хатнюю гаспадарку, каб мець дадатковы прыбытак для сям’і.
Наша сельгаспрадпрыемства адно з найбольшых у раёне. Тут налічваецца дзевяць жывёлагадоўчых ферм, на якіх утрымліваецца больш чым чатыры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Каб не дапусціць хваробы і падзяжу БРЖ, трэба заўсёды на пільным кантролі трымаць эпідэміялагічную сітуацыю, праводзіць своечасовае і якаснае лячэнне жывёлы. Ад гэтага, як вядома, залежаць і надоі малака, і прывагі.
Жыццё ў вёсцы, як і праца на зямлі, ніколі не былі лёгкімі. Але калі ў чалавека ёсць жаданне прыносіць карысць грамадству сваёй работай, то гэта абавязкова трэба скарыстаць. Галоўнае, што людзі за гэта табе аддзячаць добрым словам. Таму ніколі не здраджвайце месцу, дзе вы з’явіліся на свет.
Сяргей РАЙЧОНАК.

