Як віншавалі жанчын 8 сакавіка ў Жукоўшчыне і Іёдах

Актуальное

Чарговы ліст рэдакцыя атрымала з вёскі Жукоўшчына ад вучаніцы 7 класа Станіславоўскай базавай школы Машы ПАХІЛКА. Вось, што яна паведаміла: “Нам падабаецца, што на кожнае свята ў мясцовым клубе праходзяць мерапрыемствы. На іх мы спяваем песні, расказваем вершы, праводзім конкурсы. Адным словам, віншуем людзей са святамі. Удзел прымаюць як дзеці, так і дарослыя. А з музычным суправаджэннем дапамагае Іосіф Леанідавіч Квач.
8 сакавіка таксама была падрыхтавана канцэртная праграма. У той дзень у нас прайшлі 2 канцэрты. Раніцай, у 8 гадзін, паехалі на жывёлагадоўчы комплекс, каб павіншаваць даярак, якія займаюцца нялёгкай працай. Гледачам вельмі спадабаўся наш канцэрт. Пасля выступлення загадчык комплексу Анатолій Яўгенавіч Райчонак уручыў кожнай дзяўчынцы жывыя кветкі. Нам было вельмі прыемна. А пасля, у 11 гадзін, ужо выступалі ў клубе. Сабралася шмат людзей. Усім было цікава і весела. І гэта радавала. Хоць вёска наша невялічкая і людзей няшмат, але прыемна, калі іх віншуюць, пра іх памятаюць, і яны ахвотна прыходзяць у клуб”.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА

Не так даўно мы адзначалі дзень 8-е Сакавіка, віншавалі жанчын з першым вясновым святам, адрасавалі самыя найлепшыя пажаданні. А яны, безумоўна, з радасцю ўспрымалі добрыя словы, высакародныя ўчынкі і годна іх ацэньвалі. Аб тым, якая ўвага з боку мужчын была ўдзелена ў аграгарадку Іёды, нам расказала Е. Р. ПЯТРОВА, якая папрасіла падзякаваць газетным радком усіх прадстаўнікоў мужчынскага полу за праяўленую ўвагу.
—    Хачу ад імя жанчын населенага пункта і гасцей выказаць самыя добрыя словы нашай моцнай палове чалавецтва за падрыхтаваную канцэртную праграму, якую яны прадставілі са сцэны мясцовага сельскага Дома культуры. Шчыра кажучы, мы не чакалі ад іх такога россыпу талентаў у выкананні песень і вершаў, арыгінальнага падыходу да ўручэння святочных падарункаў. Безумоўна, арганізатарамі дадзенага мерапрыемства былі дырэктар мясцовай установы культуры Аляксандр Пупін і галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч. Яны вельмі ўдала вялі праграму, настройвалі на святочны лад як выступаючых, так і гледачоў. Больш за гадзіну доўжыўся канцэрт-віншаванне. За гэты час жанчыны з вялікім задавальненнем успрымалі выступленні Валерыя Лук’янчыка, Леаніда Сідарава, Алега Гембіцкага, Вадзіма Казлоўскага, вучняў Ільі Сідарава, Аляксандра Цярэнцьева, Аляксандра Курушкі, Дзяніса Лянкевіча. А Арцём Вялічка з натхненнем прачытаў верш “Дарите женщинам цветы”. І сапраўды, дарыце нам, мужчыны, кветкі, сваю ўвагу, клопат і пяшчоту. Іх залішне не бывае. І не толькі ў святы, а і кожны дзень. Тады і жыццё наша будзе яшчэ больш насычаным, шчаслівым і радасным.
Добрыя словы выказала Е. Р. Пятрова. І мы з задавальненнем расказваем аб гэтым усім чытачам раённай газеты, бо ведаем, што клопат, любоў і павага да жанчын — найлепшыя якасці мужчын. І няхай яны пастаянна ўсім гэтым адорваюць слабую палову чалавецтва, з якой крочаць поплеч.
Падрыхтаваў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *