Яе сэрца сагравае звонкі смех дзяцей (пра настаўніцу Шаркаўшчынскай СШ №1 Рамуальду Антонаўну Бацвінёнак)

Актуальное Молодежь

880Што патрэбна нашай школе? Рэформы і новыя праграмы? Камп’ютары і інтэрнет? У першую чаргу добрыя настаўнікі — і гэта, відавочна, галоўны прынцып, па якім мы вызначаем якасць навучання. І ўсё ж якім павінен быць добры настаўнік, часам няпроста адказаць нават самому сабе. Ён можа быць розным: і вопытным харызматычным педагогам з добрым сэрцам, і жвавым, непаседлівым выпускніком універсітэта. Галоўнае, каб гэта быў чалавек на сваім месцы. Кампетэнтны, уважлівы да вучняў і іх інтарэсаў, здольны перадаваць трывалыя веды. Каб жаданне вучыцца не знікала ў дзяцей не толькі да самага заканчэння школы, але і на працягу ўсяго жыцця.

Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1 заўсёды шанцавала на выдатных педагогаў, — упэўнена настаўніца рускай мовы і літаратуры Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак. У старэйшых калег, будучы яшчэ маладым спецыялістам, яна пераймала вопыт, з многімі працавала побач не адзін дзясятак гадоў. Сама ж педагог вось ужо на працягу 28 гадоў выпускае ў дарослае жыццё сваіх самых лепшых вучняў. Такімі словамі ўсіх, каго вучыла, называе сама настаўніца, упэўненая ў тым, што не толькі веды па прадметах, але і ўрокі сумлення, правілы жыцця яе хлопчыкі і дзяўчынкі запомняць надоўга. І сёння ўжо былыя выпускнікі Рамуальды Антонаўны прыводзяць у сярэднюю школу № 1 сваіх дзяцей. І сэрца цудоўнай настаўніцы па-ранейшаму сагравае звонкі дзіцячы смех і сонечныя ўсмешкі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Расказваючы пра працу ў школе з асаблівай цеплынёй і гонарам за сваіх вучняў, Рамуальда Антонаўна называе шмат прозвішчаў сваіх выпускнікоў. Сярод іх і былыя вучні — першыя пераможцы абласных прадметных алімпіяд па рускай мове, якіх падрыхтавала настаўніца, Марына Зуй і Яўген Гарбузаў, і вучаніца 8 класа Вера Новікава, якая ў гэтым навучальным годзе прымала ўдзел у раённай прадметнай алімпіядзе за 9 клас і заваявала дыплом другой ступені. Прозвішчы сваіх лепшых вучняў Рамуальда Антонаўна можа называць бясконца — іх і сапраўды вельмі шмат. У 1985 годзе гераіня гэтага матэрыяла ўпершыню пераступіла парог Шаркаўшчынскай СШ № 1, спачатку ў якасці піянерважатай, а потым настаўніцы рускай мовы і літаратуры, і засталася ў школе на ўсё жыццё.

Разам з мужам Юрыем Раманавічам Рамуальда Антонаўна выхавала двух сыноў, Яўгена і Віктара, цяпер яны ўжо дарослыя. Амаль 5 гадоў назад адна з лепшых настаўніц Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 упершыню прымерала на сябе і яшчэ адну ролю — бабулі, калі ў сына Яўгена і нявесткі Надзеі нарадзілася маленькая Міраслава — любімая і пакуль што адзіная ўнучка Рамуальды Антонаўны.

Напярэдадні самага доўгачаканага жаночага свята, Дня 8 Сакавіка, Рамуальда Антонаўна праз раённую газету павіншавала ўсіх сваіх калег-настаўніц, маці і сястру, сваіх вучаніц, родных, знаёмых і ўсіх цудоўных жанчын шаркаўшчынскага краю. Нягледзячы на яшчэ зусім зімовае надвор’е, менавіта гэты дзень  асвечаны ўсмешкамі мільёнаў жанчын, расквечаны яскравымі колерамі першых вясновых кветак і сагрэты самымі прыгожымі словамі ў адрас чароўнай паловы чалавецтва.

— Ад усёй душы жадаю ўсім нашым жанчынам усяго, што напаўняе іх жыццё шчасцем: узаемнага кахання, дружнай сям’і, вернага сяброўства, здароўя, міру і дабрабыту. А вясна няхай прыносіць з сабою новыя радасці і выдатны настрой, — адзначыла напрыканцы размовы мая суразмоўца. З задавальненнем далучаемся да ўсіх пажаданняў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *