
Чарговае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння знакамітага палітычнага дзеяча Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава, прайшло для вучняў 11 класа СШ № 1 у раённай бібліятэцы. Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы культуры Таццяна Міхайлаўна Райчонак напачатку пацікавілася ў вучняў, ці вядома ім імя і кім з’яўляўся Пётр Міронавіч Машэраў. Як высветлілася, далёка не кожны школьнік мог даць правільны адказ на пытанне вядучай. Таму, каб больш даведацца пра слаўнага сына беларускай зямлі, Таццяна Міхайлаўна расказала пра жыццё і палітычную дзейнасць П. М. Машэрава.
Нарадзіўся ён у звычайнай сялянскай сям’і ў Сенненскім павеце. Дарэчы, правільна яго прозвішча гучала як Машэра. Свае карані яно берэ яшчэ з перыяду вайны 1812 года, калі на Сенненшчыне быў паранены салдат французскай арміі з такім жа прозвішчам. Таму ёсць некаторыя падставы для меркаванняў, што той воін і быў продкам Пятра Міронавіча Машэрава, бо ён у Францыю больш не вярнуўся, а застаўся жыць на Сенненшчыне.
Вядучая мерапрыемства падрабязна расказала пра дзіцячыя, юнацкія і студэнцкія гады будучага кіраўніка Беларускай ССР. Асобна Таццяна Міхайлаўна спынілася на перыядзе, калі выпускнік Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава, Пётр Машэраў пачаў настаўнічаць на Расоншчыне. Тут ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Палінай Андрэеўнай. Тут жа яны за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны звязалі свае лёсы ў адзін. Разам са сваёй спадарожніцай жыцця Пётр Машэраў пройдзе партызанскімі сцежкамі барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, выгадуе дзвюх дочак Наталлю і Алену. За праяўленыя гераізм і адвагу ў Вялікай Айчыннай вайне ў 1944 годзе Пятру Міронавічу Машэраву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля вайны Пётр Машэраў працуе на камсамольскай і партыйнай рабоце. Ён прайшоў ступені кар’ернай лесвіцы ад першага сакратара Маладзечанскага абкама ЛКСМБ да другога сакратара ЦК КПБ. У 1965 годзе Пётр Міронавіч Машэраў быў прызначаны першым сакратаром Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларускай ССР. На гэтай пасадзе ён адпрацуе да дня сваёй гібелі ў аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 года.
За перыяд яго кіравання рэспублікай у некалькі разоў вырас нацыянальны даход, адбывалася актыўнае развіццё прамысловасці, узводзіліся новыя магутныя прадпрыемствы, мемарыяльныя комплексы. У многім дзякуючы Пятру Машэраву у 1974 годзе Мінск атрымаў званне “Горад-герой”. Кіраўнік БССР стаяў каля вытокаў стварэння мінскага метрапалітэна. У 1978 годзе Пятру Міронавічу Машэраву прысвоена званне Герой Сацыялістычнай працы.
У сэрцах удзячных землякоў Пётр Машэраў назаўсёды застанецца як мудры, сумленны і патрабавальны кіраўнік, сапраўдны сын беларускага народа.
Сяргей РАЙЧОНАК.



