Любоў да сваёй Айчыны пачынаецца з цікавасці да мінулага: да песень, якія спявалі нашы продкі, да рэчаў, зробленых іх рукамі, да святаў і рамёстваў.
Выстава народнага клуба майстроў “Талака” пад назвай “Незабытыя традыцыі” адкрылася 27 сакавіка ў раённым Цэнтры рамёстваў. У гэты дзень майстры прадставілі шаркаўчанам вырабы, выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх маляванне дываноў, ткацтва рушнікоў, посцілак, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, ганчарства, разьба па дрэве, аплікацыі з саломкі і шмат чаго іншага.
-Адкрываючы сваю справаздачную выставу, мы хацелі паказаць жыхарам і гасцям нашага раёна, якімі рамёствамі валодаюць нашы майстры, а таксама пазнаёміць наведвальнікаў з гэтымі творчымі і таленавітымі людзьмі,- адзначыла кіраўнік клуба Святлана Заіка.- Клуб майстроў “Талака”, заснаваны ў 1987 годзе, нядаўна ў чарговы раз пацвердзіў званне “народнага”. У цяперашні час у яго склад уваходзяць 35 майстроў, якія захапляюцца рознымі відамі творчасці. Гэта людзі – розныя па прафесіі, рознага ўзросту, але аднолькава неабыякавыя да культурнай спадчыны сваіх продкаў і ўсяго прыгожага. З вялікай удзячнасцю хачу ўспомніць імёны нашых сталых майстроў, якія ўваходзяць у склад “Талакі” з першых дзён яе заснавання. Гэта Ірына Герасімаўна Лебедзева (яна займалася такім відам творчасці, як гафтаванне (від вышыўкі), Павел Уладзіміравіч Казак (пляценнен з лазы), Юльян Іосіфавіч Анецька (пляценне з лучыны), Ганна Афінагенаўна Янчык (вышыўка). Не так даўно членамі клуба сталі майстры Людміла Ананіч, Марыя Талапіла, Наталля Карман.
У дзень адкрыцця выставы “Незабытыя традыцыі” са сваімі работамі і тэхнікамі іх выканання прысутных пазнаёмілі Зоя Маціеўская, Кацярына Сосна, Марыя Талапіла, Мікалай Грышчанка і іншыя майстры, якія ў сваіх непаўторных вырабах імкнуцца не толькі захаваць традыцыйнае народнае мастацтва, але і ўдасканаліць яго. Завяршылася мерапрыемства тэатралізаванай пастаноўкай супрацоўнікаў раённага цэнтра рамёстаў і святочным выступленнем гурта “Калядзіца”.



















