Ні аднаго выпадку птушынага грыпа ў Беларусі не зафіксавана. Але колькасць краін, якія трапілі ў “чорны спіс”, пастаянна расце. І эпідэміёлагі не тояць, што менавіта вясной, у перыяд міграцыі пералётных птушак, рызыка пападання віруса на тэрыторыю рэспублікі значна павялічваецца. А прышчэпкі, якая змагла б абараніць чалавека ад птушынага грыпа, пакуль нідзе не вынайшлі.
Даць адказы на некаторыя пытанні па абазначанай праблеме мы папрасілі ўрача-паразітолага Шаркаўшчынскай райветстанцыі Наталлю Сікора.
— Наталля Мікалаеўна, ці з’яўляецца праўдай тое, што хворыя пералётныя птушкі не даляцяць да Беларусі, а загінуць у дарозе?
— Надзеі на гэта мала. Справа ў тым, што ў гэтай хваробы дастаткова працяглы скрыты перыяд і за час, пакуль вірус будзе развівацца ў арганізме, птушка спакойна можа пераадольваць вялікія адлегласці. Акрамя гэтага, заўсёды існуе верагоднасць, што хворыя птушкі сядуць на луг, пакінуць памёт, а ўслед за імі на гэта месца прыляціць здаровая чарада. Гэта рэальная магчымасць падхапіць хваробу.
— Ці тояць у сабе небяспеку галубы, якія застаюцца ў нас на зіму?
— Спецыялісты не адмаўляюць той факт, што любая птушка можа пацярпець ад гэтага віруса. Калі вадаплаваючыя птушкі гінуць толькі ў 25% выпадкаў, то для сухапутных гэты вірус смяротны. Магчымасць таго, што чалавек можа заразіцца ад хворых галубоў вельмі малая. А вось карміць птушак з рук ні ў якім разе нельга. Эпідэміёлагі лічаць, што голуб — не самая чыстая птушка. Калі ўзяць яе ў рукі, можна заразіцца, у тым ліку і птушыным грыпам.
— Што трэба рабіць, каб не захварэць?
— Абавязкова пазбягаць кантакту з птушкай. Не браць у рукі ні жывую, ні мертвую. Паездкі ў краіны, дзе ёсць птушыны грып, сёння не забаронены, але, калі хтосьці збіраецца туды, трэба пазбягаць наведванняў птушыных кірмашоў. Мяса птушкі бяспечна для ўжывання ў ежу, але яно павінна быць правільна прыгатавана — добра праварана і падсмажана. Тое ж адносіцца і да птушыных яек.
Уладальнікам хатняй птушкі настойліва рэкамендуем не выпускаць яе за межы сваіх двароў.
— Дзякуй за размову!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
